Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Місія «Чыстае сэрца» правяла канцэрт талентаў для дзяцей з інтэрнатаў
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.05.2013 14:54

1 мая ў мінскім Палацы прафсаюзаў адбыўся фінальны канцэрт-фестываль талентаў сярод навучэнцаў інтэрнатных устаноў Мінскай вобласці «Таленты чыстых сэрцаў». Такім чынам каталіцкая дабрачынная місія «Чыстае сэрца» і ўпраўленне адукацыі Мінскага аблвыканкама зладзілі свята не толькі для дзяцей, але і для гледачоў.

На фінальным канцэрце былі прадстаўлены лепшыя нумары і выканаўцы з інтэрнатаў, дзіцячых дамоў і карэкцыйных цэнтраў Маладзечна, Клецка, Вілейкі, Мінска, Салігорска, Рудзенска, Ждановічаў, Жодзіна, Дзяржынска. Усе яны пераможцы адборачных тураў, якія напярэдадні прайшлі ў Маладзечне, Уздзе і Жодзіне. Усяго ў фестывалі прынялі ўдзел дзеці і падлеткі са звыш чым 30 населеных пунктаў Мінскай вобласці.

Праведзеная акцыя задумвалася не толькі для дзяцей-сірот, дзяцей з асаблівасцямі фізічнага і разумовага развіцця, але і для тых, хто праходзіць лячэнне і рэабілітацыю ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах.

Менавіта для іх напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей навучэнцы інтэрнатаў выступяць з канцэртам і ўручаць сувеніры, ахвяраванні на якія збіраліся падчас фінальнага канцэрту ў Мінску. Такім чынам акцыя дае магчымасць выявіць таленавітых дзяцей-сірот, дапамагае ім праявіць сябе і паказвае, што праз свае таленты яны могуць зрабіць свой уклад на карысць дзяцей, якія знаходзяцца ў складанай сітуацыі.

«Гэты канцэрт дапамог адкрыць мастацкія здольнасці дзяцей і моладзі з інтэрнатных устаноў Мінскай вобласці, іх вялікі творчы патэнцыял, — пракаментаваў акцыю Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Касцёл заўсёды клапоціцца пра кожнага чалавека, кожны — здаровы ці з абмежаванымі магчымасцямі — гэта перш за ўсё Божы твор, створаны па Яго вобразу і падабенству. І Касцёл, і грамадства хочуць, каб чалавек развіваўся гарманічна — не толькі інтэлектуальна і фізічна, але і духоўна. Мне здаецца, што гэты канцэрт дапамог як удзельнікам, так і гледачам у духоўным развіцці. Бо мы змаглі дакрануцца да прыгажосці».

Іерарх адзначыў таксама важнасць існавання самой магчымасці праявіць здольнасці. «Чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі, сіротам важна паказаць, што яны могуць зрабіць больш і лепш, чым ад іх чакаюць. Нехта сказаў, што, калі хочаш убачыць неба, — паглядзі ў вочы дзіцяці. Няхай вочы гэтых дзяцей і моладзі заўсёды будуць такімі, дзе мы ўбачым радаснае неба», — дадаў іерарх.

Фестываль талентаў не толькі раскрыў здольнасці маладых артыстаў, але і заахвоціў прысутных у зале гледачоў заўсёды быць адкрытымі на патрэбы іншых людзей, асабліва дзяцей, не быць абыякавымі да чужога гора.

«Вельмі важна, што цеплыня сэрцаў кожнага з удзельнікаў сённяшняй праграмы атуліла цяплом кожнага з прысутных у гэтай зале, — адзначыла Галіна Казак, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. — І вельмі хочацца пажадаць усім дзецям і моладзі, каб майскае сонейка педаравала ім цеплыню, а яны гэтай цеплынёй дзяліліся са сваімі знаёмымі, роднымі і тымі дзецьмі, якім вельмі патрэбна іхняя дапамога. Упэўнена, што гэты праект місіі „Чыстае сэрца“ будзе жыць, бо ў ім — добрая справа».

Першы фестываль «Таленты чыстых сэрцаў» упершыню быў арганізаваны ў мінулым годзе. Тады падчас акцыі падарункі атрымалі не толькі яе ўдзельнікі (дзеці-сіроты), але і 220 дзяцей, якія праходзілі лячэнне і рэабілітацыю ў анкацэнтры.

Святлана Жылевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме