Першая стартавая канферэнцыя нацыянальнага праекту для дабрачыннага таварыства «Карытас» у Беларусі «Перш за ўсё сям’я, правы дзіцяці — зараз!» адбылася ў Вене 15–18 красавіка. Праект, які аб’ядноўвае Беларусь, Малдову і Украіну, мае на мэце дапамогу краінам у рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі ААН па правах дзіцяці.
Першапачаткова праект мае адукацыйны характар: каардынатары праграм і супрацоўнікі дзяржаўных і недзяржаўных устаноў, якія працуюць у сферы абароны правоў дзіцяці, змогуць набыць адпаведныя веды, каб потым ажыццяўляць сваю дзейнасць у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.
Сваімі ўражаннямі пра першую вучэбную паездку дзеляцца ўдзельнікі мерапрыемства:
Кс. Віктар Гайдукевіч SDB, дырэктар Нацыянальнага «Карытас»:
Кожная паездка да нашых калег з Аўстрыі — гэта заўсёды цікава і вельмі ўзбагачае. Дзякуючы шматгадоваму вопыту працы арганізацыі «Карытас», нашыя калегі ў Аўстрыі сёння з’яўляюцца выдатнымі спецыялістамі ў сектары сацыяльнага служэння і цесна супрацоўнічаюць у гэтай галіне не толькі з лакальнай адміністрацыяй, але таксама і на дзяржаўным узроўні, доказам чаго можа паслужыць і дадзены праект па абароне праў дзяцей.
Міжнародная канферэнцыя на распачацце дадзенага пректу ў Вене не была выключэннем і споўніла цалкам мае чаканні. Усё было дапасавана не толькі тэматычна: было вельмі карысна паслухаць даклады, але таксама і практычная частка мерапрыемства вельмі гарманічна ўпісвалася ў цэлую канцэпцыю стартавай канферэнцыі і яго дапаўняла.
Паколькі дадзеная канферэнцыя была міжнароднага фармату, мы мелі магчымасць не толькі пазнаеміцца з нашымі калегамі з Украіны, Малдовы, але таксама падзяліцца вопытам, пазнаёміцца з праблемамі і спосабамі іх вырашэння, бо ўсіх нас «яднае» супольнае мінулае і вялікае жаданне дапамагаць патрабуючым і самым маленькім. Таксама хачу выказаць сваю радасць, што ў дадзенай канференцыі прынялі ўдзел і прадстаўнікі дзяржаўных устаноў з Беларусі. Выказваю ім сваю ўдзячнасць за удзел у дадзеным праекце і спадзяюся, што ён стане тым першым каменем для моцнага фундаменту ў супрацоўніцтве паміж дабрачынным каталіцкім таварыствам «Карытас» і дзяржаўнымі ўстановамі ў Беларусі.
Напэўна, каб дасягнуць такога ўзроўню працы, як у Аўстрыі, яшчэ перад намі доўгі шлях, але я лічу, што ўжо цяпер важна, каб мы мелі распрацаваную праграму. Бо калі такое будзе магчыма ў нашай краіне, на заканадаўча-прававой базе, мы — а гэта значыць «Карытас» у Беларусі — будзем добра падрыхтаваныя і зможам адказаць на выклікі часу. аЮлія Сліж, каардынатар праекту ў Беларусі:
Вучэбная паездка была вельмі насычанай і пакінула цёплыя ўражанні. Была магчымасць наведаць венскія цэнтры па працы з дзецьмі. Што мяне парадавала ў арганізацыі такіх цэнтраў — дык гэта вузкапрофільнасць і «асабісты» падыход да кожнай праблемы, кожнай канкрэтнай сітуацыі. Напрыклад, працоўныя майстэрні для падлеткаў — «дзяцей вуліцы», якія шукаюць нейкі занятак і могуць зарабіць на жыццё, цэнтры для дзяцей, служба падтрымкі для бацькоў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда. Адчуваецца, што дзіцяці не навязваюцца нейкія строгія нормы і правілы, а перш за ўсё ставіцца мэта — слухаць дзіця, пачуць яго і абавязкова знайсці да яго індывідуальны падыход. аМаргарыта Прахіна, старшыня ўпраўлення Гарадскога грамадскага аб’яднання «Дзеці — не для насілля»:
Вельмі спадабалася паездка — і разнастайнасцю сваёй праграмы, і адкрытасцю аўстрыйскіх калег, іх гатоўнасцю адказваць на любыя пытанні, і жаданнем дапамагчы лепш зразумець іх дзейнасць, і, канечне, актуальнасцю тэмы для Рэспублікі Беларусь, менавіта праблемы насілля над дзецьмі. Пасля візіту я яшчэ раз упэўнілася ў неабходнасці распрацаваць Кодэкс паводзінаў для арганізацый, якія працуюць з дзецьмі. Плануем правесці трэнінгі па распрацоўцы такога дакумента. Будзем спрабаваць таксама пераймаць вопыт працы аўстрыйскіх калег у нашых умовах. А таксама, думаю, было б цікава і карысна пазнаёміцца з вопытам працы Каталіцкага Касцёла з дзецьмі, іх бацькамі і моладдзю. аГаліна Бядуліна, кіраўнік і аўтар шэрагу праектаў па сацыяльнай абароне дзяцінства пры Дзіцячым Фондзе ААН ЮНІСЭФ, кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт:
На мой погляд, адным з галоўных пытанняў канферэнцыі было абмеркаванне дзяржаўнай палітыкі ў вобласці абароны дзяцінства і сям’і і ролі грамадскага сектару ў гэтай вобласці. Былі прадстаўлены прыярытэты Аўстрыі ў сацыяльным забеспячэнні сям’і, дзяцей, моладзі, вельмі цікавымі былі сустрэчы непасрэдна ў венскіх сацыяльных цэнтрах. Вопыт працы з моладдзю такіх устаноў вельмі важны для Беларусі, бо ў нашай рэспубліцы надалей актуальнай з’яўляецца задача распрацоўкі новых форм і метадаў прафілактыкі дэвіянтнага тыпу паводзінаў падлеткаў. Думаю, што вопыт, атрыманы падчас візіту па ўзаемадзеянні дзяржаўных і недзяржаўных структур па абароне дзяцей, будзе спрыяць стварэнню новых эфектыўных праграм, распрацоўцы і практычнаму выкарыстанню тэхналогій па дадзенай тэматыцы і ў вобласці хрысціянскага сацыяльнага служэння ў цэлым.
Ганна Страшкевіч {gallery}2013-04-26-karitas{/gallery}
|