Місія «Чыстае сэрца» распачала цыкл канцэртаў з удзелам дзяцей-сірот |
Беларусь |
20.02.2013 14:21 |
Выхаванцы дзіцячых дамоў і інтэрнатаў Мінскай вобласці зноў парадуюць сваімі талентамі пацыентаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах. У межах абласнога конкурсу ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама «Вясёлкавы карагод» місія «Чыстае сэрца» дае магчымасць праявіць свае таленты дзецям-сіротам. У выніку трох адборачных тураў, першы з якіх прайшоў 19 лютага ў Маладзечне, лепшыя нумары і артысты трапяць у фінальны канцэрт, а таксама ў гала-канцэрт, што пройдзе ў цэнтры дзіцячай анкалогіі ў Бараўлянах. Адбудзецца гэта ў канцы мая, а сама акцыя прымеркавана да Міжнароднага дня абароны дзяцей. У першым этапе конкурсу прынялі ўдзел дзеці і падлеткі з 10 інтэрнатаў, дзіцячых дамоў і карэкцыйных цэнтраў. Наступныя канцэрты пройдуць у Жодзіне і Уздзе. Як адзначае дырэктар моладзевай місіі «Чыстае сэрца», галоўная мэта акцыі — «быць з дзецьмі-сіротамі, дапамагчы развіваць іх таленты і не ўпадаць у роспач, паказаць, што праз свае таленты яны могуць зрабіць уклад на карысць дзяцей, якія знаходзяцца ў складанай сітуацыі». Упершыню акцыя «Таленты чыстых сэрцаў» прайшла ў 2012 г. Тады за сродкі, сабраныя падчас фінальнага дабрачыннага канцэрта «Таленты чыстых сэрцаў», атрымалася набыць тэхніку для адміністрацыі і падарункі для 160 дзяцей, якія знаходзяцца на лячэнні ў цэнтры, і звыш 40 дзяцей, якія знаходзяцца на дзённым стацыянары. Такім чынам, дадзеная акцыя — гэта ўзаемадапамога дзяцей-сірот і хворых дзяцей. Даведка: моладзевая місія «Чыстае сэрца» была створана 11 лістапада 2011 г. для ажыццяўлення сацыяльнай работы сярод моладзі, патрабуючых і іншых уразлівых груп насельніцтва Беларусі. Гэта рэлігійная арганізацыя, створаная для ажыццяўлення дабрачыннай дзейнасці ў адпаведнасці з прынцыпамі хрысціянскай міласэрнасці і прапаганды агульначалавечых каштоўнасцяў. Святлана Жылевіч |
Фотарэпартаж |