Мітрапаліт Кандрусевіч да вернікаў Барысава: сакрамэнт канфірмацыі не дастаткова толькі прыняць |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
18.05.2013 23:23 |
18 мая, у вігілію ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 72 вернікам парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Барысаве. У гаміліі іерарх падкрэсліў, што сапраўдным абліччам зямлі з’яўляецца чалавек. «Калі мы наракаем, што свет дрэнны, то дрэнныя ў ім найперш людзі, і выпраўленне свету неабходна пачынаць ад самога сябе. Свет будзе такім, якімі будзем мы, бо мы яго фармуем. І аб яго якасці нагадваюць не багацці ці прыемнасці, а маральны стан чалавека», — падкрэсліў Мітрапаліт. Іерарх сцвердзіў, што чалавек можа стаць лепшым толькі дзякуючы Хрысту, які дзейнічае праз Духа Святога. «Успомнім сцэну Пяцідзясятніцы, калі апосталы перамяніліся і адважна пайшлі абвяшчаць Добрую Навіну, — працягваў арцыбіскуп. — Яны ўнеслі ў гэты свет евангельскую закваску, якая ўжо дзве тысячы гадоў абагачае свет духам Божым. Навізна Евангелля ў тым, што яно нясе новы закон, закон любові». Дух Святы, як адзначыў іерарх, перамяняе нашы душы і сэрцы і з засохлых чыніць іх квітнеючымі. «Аднак неабходна, каб гэты дождж спаў на глебу нашай душы. Таму трэба дазволіць Духу Святому гэта ўчыніць, каб Ён мог дзейнічаць. Трэба супрацоўнічаць з Духам Святым, каб Ён нанова ўчыніў цуд Пяцідзясятніцы, каб усе народы пазналі Божую праўду і жылі ёю», — дадаў арцыпастыр. Сакрамэнт канфірмацыі — гэта сакрамэнт Духа Святога, праз які Ён прыходзіць да нас са сваімі дарамі. Аднак, як падкрэсліў іерарх, каб жыццё чалавека змянілася, не дастаткова толькі прыняць сакрамэнт, трэба дазволіць Духу Святому дзейнічаць у нашых сэрцах. Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў прымаючых дары Духа Святога ачысціць свае сэрцы ад непатрэбнага і зрабіць месца Богу, каб той мог дзейнічаць, перамяняць іх, а праз іх — аблічча зямлі. (VGr) |