Канфірмацыя ў Геранёнах: прагнуць стаяць перад Богам з чыстай душой |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
19.06.2012 11:47 |
У сакрамэнце канфірмацыі Дух Святы сыходзіць на кандыдатаў, каб тыя мужна вызнавалі сваю веру, баранілі яе і паводле яе жылі. Праз гэты сакрамэнт вернікі ўзбагачаюцца дарамі Духа Святога, якія так моцна патрэбны ў штодзённым жыцці і ў сведчанні аб Хрысце. Каб у сучасным свеце быць сведкамі веры, сакрамэнт хрысціянскай сталасці прынялі і вернікі парафіі Святога Мікалая, біскупа, у Геранёнах (Іўеўскі дэканат). 17 чэрвеня 2012 г. падчас літургіі 30 кандыдатам удзяліў сакрамэнт канфірмацыі дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. На працягу года вернікі рыхтаваліся да прыняцця сакрамэнту праз удзел у катэхезах пробашча парафіі кс. Сяргея Ангура TChr, у святых Імшах, розных парафіяльных акцыях, дыяцэзіяльных сустрэчах. Біскуп Казімір Велікаселец нагадаў вернікам пра важнасць малітвы, якая павінна быць неад’емным элементам жыцця кожнага хрысціяніна. Іерарх заахвоціў кандыдатаў, а таксама ўсіх прысутных мець глыбокае прагненне «стаяць перад Богам з чыстай душой». Біскуп заахвоціў мясцовых вернікаў заўсёды прымаць чынны ўдзел у літургіі Эўхарыстыі, памятаючы пра сакрамэнт пакаяння і святую Камунію. Маладыя людзі праз прыняцце сакрамэнту канфірмацыі, нібы пячаццю, замацавалі сваю веру і выказалі сваю прыналежнасць як да паўсюднага Касцёла, так і да парафіі ў Геранёнах. Прымаючы сакрамэнт, яны паабяцалі Богу: жыць паводле веры, захоўваць запаведзі Дэкалогу, паглыбляць рэлігійныя веды. Кс. Юрый Марціновіч |
Фотарэпартаж |