Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пілігрымы з Геранёнаў памаліліся за сем’і ў Чэнстахове
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
22.10.2012 15:53

У Год веры важным з’яўляецца эмпірычны элемент, звязаны з рознымі святымі месцамі, месцамі аб’яўленняў, асаблівай прысутнасці і дзейнасці ласкі Божай. Таму пілігрымкі ў падобныя месцы з’яўляюцца цудоўнай магчымасцю, каб памножыць і ўмацаваць веру.

18–20 кастрычніка 2012 года група са 100 чалавек разам са сваім пробашчам кс. Сяргеем Ангурам TChr здзейсніла аўтобусную пілігрымку па святых месцах у Польшчы.

Пілігрымы наведалі кляштар айцоў францішканаў у Непакалянаве, дзе пазнаёміліся з жыццём і дзейнасцю св. Максімільяна Марыі Кольбэ. У гэтым месцы памаліліся за Гродзенскую дыяцэзію, апекуном якой і ёсць св. Максімільян.

Наступным месцам на шляху пілігрымавання быў санктуарый Маці Божай Балеснай у Ліхэні. Тут пілігрымы правялі больш часу, наведваючы месцы Марыйных аб’яўленняў, базыліку і іншыя прыгожыя мясціны ліхэньскай зямлі. Гісторыя аб’яўленняў сягае ў пачатак XIX стагоддзя.

У наступны дзень пілігрымы накіраваліся ў Каліш у санктуарый святога Юзафа. Святы Юзаф з’яўляецца апекуном хрысціянскіх сем’яў, сужонкаў, бацькоў і сірот. Яго апекі просяць таксама ў працы. Тут людзі давяралі Богу праз заступніцтва святога свае сем’і, каб былі моцныя ў Богу.

Кульмінацыйным пунктам пілігрымавання стала Чэнстахова — Чорная Мадонна. 19–20 кастрычніка тут група з Беларусі прыняла ўдзел у чуванні — ночы малітвы за польскую эміграцыю і яе душпастыраў. Традыцыйна, ужо на працягу 27 гадоў арганізатарам чування з’яўляюцца айцы хрыстусоўцы і сёстры місіянеркі Хрыста Валадара для палякаў эмігрантаў. Удзел у чуванні пілігрымаў з Геранёнаў быў не выпадковы, бо ў гэтай парафіі шмат гадоў працуюць хрыстусоўцы, якія ў гэтым годзе (29 чэрвеня) адзначалі 20-годдзе душпастырскай працы ў Беларусі. Галоўныя ўрачыстасці адбыліся ў Мядзведзічах у чэрвені гг., іх узначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

«У доме Маці і Каралевы даручаем яе апецы ўсіх нашых землякоў, амаль 18-мільённую грамаду палякаў, якія жывуць у больш чым 70 краінах свету», — прамовіў кс. Веслаў Вуйцік TChr, дырэктар Інстытута Душпастырства эмігрантаў і мадэратар Руху апостальства эмігрантаў у Польшчы, хрыстусовец з Польшчы.

На малітоўную сустрэчу прыбыла звыш 1600 асобаў з Польшчы і дзевяці краін Еўропы. «Найбольш цешуся хіба з таго, што ўдалося прыбыць групе са ста нашых землякоў з Беларусі. Мы чакалі гэтага цэлы год, дапамагалі з атрыманнем візаў, каб сёння быць тут, на Яснай Гары, у доме Маці і Каралевы», — дадаў кс. Вуйцік, арганізатар сустрэчы. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел кс. Эдмунд Друз TChr з Мінска і кс. Андрэй Шода TChr з Мядзведзічаў.

Дэвізам сёлетняй сустрэчы былі словы Слугі Божага кардынала Аўгуста Хлонда, заснавальніка таварыства хрыстусоўцаў, якія ён прамовіў да сваіх землякоў у ссылцы ў 1931 г.: «Моцна стой у веры айцоў».

Сустрэча ў гэтым годзе праходзіла ў духу ўдзячнасці за 80 гадоў служэння Таварыства Хрыстовага для палякаў эмігрантаў і 20 гадоў душпастырскай працы ў Беларусі. Сустрэча была таксама вялікай просьбай аб умацаванні веры для палякаў эмігрантаў. «Гэта наша юбілейная сустрэча, таму тут, на Яснай Гары, углядаючыся ў вочы Марыі, мы хочам прасіць аб умацаванні веры, асабліва для новай эміграцыйнай хвалі палякаў. Звыш 2,5 мільёнаў пераважна маладых людзей на некалькі гадоў выехалі з нашай краіны. Безумоўным з’яўляецца тое, каб мы агарнулі іх малітвай, каб не згубіліся, не страцілі дару, скарбу веры, жывучы недзе ў ссылцы ці то сезонна, ці пастаянна», — падкрэсліў кс. Веслаў Вуйцік.

Чуванне распачалося канцэртам гурту «Gaudeamus», у які ўваходзяць навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі Таварыства Хрыстовага для палякаў эмігрантаў у Познані.

Малітоўны апель, у якім таксама прыняла ўдзел дэлегацыя з Беларусі, узначаліў генеральны настаяцель таварыства кс. Томаш Селіцкі TChr, які ў чэрвені гг. прысутнічаў на юбілейных урачыстасцях супольнасці ў Беларусі.

Цэнтральным пунктам начнога чування была Эўхарыстыя апоўначы перад цудоўным абразом Маці Божай, якую ўзначаліў арцыбіскуп Вацлаў Дэпа, Мітрапаліт Чэнстахоўскі.

«Толькі Касцёл, які з’яўляецца домам, які яднае Бога з людзьмі і людзей адно з адным, дае нам фундамент веры, аб’ядноўваючы ўсе дамы і сустрэчы палякаў ва ўсім свеце, агортваючы і жывых, і памерлых, вечнасць і часовасць, і чынячы нас адзінствам», — запэўніў у гаміліі арцыбіскуп Вацлаў Дэпа.

Адразу пасля літургіі група пілігрымаў з Геранёнаў правяла набажэнства перад абразом Маці Божай Чэнстахоўскай, молячыся за сем’і. Усе пілігрымы з Беларусі мелі магчымасць хаця б на момант засяродзіцца на малітве непасрэдна перад цудоўным абразом Маці Божай.

Падсумоўваючы, пілігрымка цудоўна ўпісалася ў перажыванне Года веры. Касцёл так унікальна сканструяваны, што духоўныя плёны не існуюць выключна для індывідуумаў, але маюць шырэйшы радыюс: сям’я, працоўнае асяроддзе, мясцовасць, парафія — краіна.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.