Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрыстусоўцы адзначылі 20-годдзе служэння ў Беларусі
Беларусь - Пінская дыяцэзія
30.06.2012 23:08

29 чэрвеня 2012 г., ва ўрачыстасць свв. апосталаў Пятра і Паўла, у аднайменнай парафіі ў Мядзведзічах (Пінская дыяцэзія) адбыліся адпустовыя ўрачыстасці, злучаныя з 20-годдзем служэння хрыстусоўцаў у Беларусі.

Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Яму саслужылі біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, біскуп Казімір Велікаселец, які пасля літургіі ўзначаліў эўхарыстычную працэсію, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, генеральны настаяцель хрыстусоўцаў кс. Томаш Сяліцкі TChr, генеральны вікарый хрыстусоўцаў кс. Кшыштаф Гжэляк TChr і іншыя святары. 

У гаміліі мітрапаліт засяродзіўся на постацях святых апосталаў Пятра і Паўла, якія з’яўляюцца «крывавымі падмуркамі Касцёла».

«Пётр быў пакліканы Езусам з простых рыбакоў. Ён першым з усіх людзей вызнаў веру ў Езуса як Сына Божага. За гэта Хрыстус даў яму прымат у сваім Касцёле і ключы ад свайго Валадарства, — нагадаў іерарх. — Калі ж Езус быў арыштаваны, Пётр адмовіўся ад Яго, кажучы, што не ведае Яго. Гэта была здрада. Аднак потым Пётр зразумеў сваю памылку і горача за яе шкадаваў. Езус дараваў яму грэх, наказаў пасці статак Ягоны і ўмацоўваць у веры вернікаў. Пётр як той, хто атрымаў прымат у Касцёле і якога вёў Святы Дух, накіраваўся ў Рым — сталіцу Імперыі. Падчас пераследу ў часы Імператара Нерона Пётр ізноў паддаўся страху і нават спрабаваў збегчы з Рыма. Па дарозе, аднак, ён спаткаў Езуса і спытаўся ў Яго: „Quo vadis, Dоmine?“ — „Куды ідзеш Пане?“ Езус адказаў: „У Рым, каб яшчэ раз быць укрыжаваным“. Пётр адчуў сорам і вярнуўся, каб аддаць сваё жыццё за Хрыста. Ён быў укрыжаваны, але па яго просьбе галавой уніз, бо лічыў сябе нягодным быць укрыжаваным так, як Езус».

Пётр як чалавек памёр, але як бачная галава Касцёла жыве ў сваіх наступніках — Папах Рымскіх. На месцы яго крыжовай смерці на ватыканскім узгорку пабудавана базыліка св. Пятра. Калісьці язычнікі імкнуліся пазнаць свой лёс па шэлесце лісцяў вялізнага дуба, які рос на тым месцы. «Сёння хрысціяне ўсяго свету, і не толькі, з увагай услухоўваюцца ў голас наступніка св. Пятра, які з’яўляецца голасам сумлення сучаснага свету», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Святы апостал Павел быў вельмі адукаваным на тыя часы чалавекам. Яго імя было Саўл і ён жорстка пераследаваў Касцёл. «Прыклад яго навяртання паказвае, што Бог нават ворага можа ўчыніць сваім выбраным начыннем, — сцвердзіў мітрапаліт. — Атрымаўшы дазвол на пераслед хрысціян у Дамаску, Саўл накіраваўся туды. Аднак перад брамамі горада быў аслеплены ззяннем з неба і ўпаў з каня. Пачуўся голас: „Саўл, чаму ты Мяне пераследуеш?“ На пытанне Саўла, хто да яго прамаўляе, ён пачуў адказ: „Гэта Езус, якога ты пераследуеш“. Саўл аслеп фізічна, але вачыма душы ўбачыў Хрыста. Гэта была кропка перамянення ў яго жыцці. З ганіцеля хрысціянства ён стаў Паўлам — апосталам народаў».

Як грамадзянін Рымскай Імперыі ён быў дастаўлены ў Рым, каб там быць асуджаным. У той жа дзень, што і апостал Пётр, 29 чэрвеня 68 г., яму адсеклі галаву. На месцы яго мучаніцкай смерці пабудавана базыліка, у якой штогод 25 снежня, у дзень навяртання св. Паўла, Пантыфік цэлебруе экуменічнае набажэнства. Менавіта ў гэтай базыліцы бл. папа Ян XXIII у 1959 г. аб’явіў аб скліканні Другога Ватыканскага Сабору.

«Прайшло амаль дзве тычячы гадоў ад жыцця і смерці гэтых святых. Ці яны актуальныя сёння? Святы — гэта чалавек свайго часу, але адначасова і той, які сваім маральным жыццём становіцца вышэй часу і мужна адказвае на яго выклікі, выказваецца святасцю жыцця і нярэдка, як у нашым выпадку, аддае сваё жыццё за Хрыста. Наш час патрабуе людзей фармату святых Пятра і Паўла. Тых, якія разам з Пятром скажуць: „Да каго мы пойдзем, Хрысте? Ты маеш словы жыцця“», — адзначыў арцыпастыр.

Сама назва таварыства нагадвае аб іх харызме – праз апостальскую працу несці Хрыста людзям. «Вядучай думкай таварыства хрыстусоўцаў з’яўляюцца словы св. апостала Паўла, што ў іх павінен быць Хрыстус. Фундаментам жа фармацыі з’яўляецца асабістая лучнасць з Хрыстом у Святым Духу і ўвасабленне Евангелля ў жыццё», — дадаў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Хрыстусоўцы нясуць служэнне у 21-й краіне свету, у тым ліку і ў Беларусі, дзе працуюць ужо 20 гадоў. Як адзначыў генеральны настаяцель таварыства кс. Томаш Сяліцкі TChr, беларуская зямля блізкая таварыству (праз геаграфічную і гістарычную блізкасць) і багатая на пакліканні: дала чатырох новых святароў хрыстусоўцаў з Іўя і аднаго дыякана з Геранёнаў. Напрыканцы Імшы кс. Ян Гавэцкі, дэкан з Іўя, быў узнагароджаны медалём і дыпломам удзячнасці таварыства хрыстусоўцаў.

Служэнне хрыстусоўцаў — гэта малітва, душпастырства, катэхізацыя, гуманітарная дапамога, выдавецкая дзейнасць (штомесячнік «Святая Імша», часопіс «Любіце адно аднаго») і г.д.

У Беларусі хрыстусоўцы працуюць у Гродзенскай і Пінскай дыяцэзіях, у Сакратарыяце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў. Акрамя парафіяльнай працы, таксама займаюцца душпастырствам моладзі.

Мітрапаліт Кандрусевіч падзякаваў хрыстусоўцам за іх служэнне і дапамогу ў адраджэнні веры ў Беларусі. «Будзьце Пятрамі і Паўламі нашага часу! Жывіце глыбокай верай, бараніце яе і нясеце іншым, каб усе людзі пазналі Хрыста і, жывучы Яго праўдай, асягнулі збаўленне», — пажадаў хрыстусоўцам іерарх.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме