Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У нядзелю Добрага Пастыра навучэнцы гродзенскай семінарыі наведалі парафіі дыяцэзіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
21.04.2013 16:08

21 красавіка, у нядзелю Добрага Пастыра, навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне наведалі некаторыя парафіі Гродзенскай дыяцэзіі, каб разам з вернікамі памаліцца аб новых пакліканнях да асаблівай службы Богу.

Па традыцыі ў чацвёртую велікодную нядзелю ў Каталіцкім Касцёле распачынаецца тыдзень малітваў аб пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця.

Семінарысты зачыталі парафіяльным супольнасцям зварот рэктара гродзенскай семінарыі кс. прэлата Юзафа Станеўскага, у якім гучыць заклік да малітвы аб новых пакліканнях і за тых, хто ўжо прысвяціў сваё жыццё служэнню Богу і людзям.

У сваім звароце кс. Юзаф Станеўскі звяртаецца таксама да святароў: «Будзем сведкамі жывой веры! Будзем паважаць і любіць нашую паслугу! Давайце будзем падчас кожнай святой Імшы, як нас заахвочвае папа Францішак, браць „на свае плечы давераны нам народ і несці яго імёны, запісаныя ў сэрцы“, а асабліва тыя імёны, якія Хрыстус, добры пастыр, адзначыў харызмай святарскага і манаскага паклікання».

На заканчэнне звароту кс. Станеўскі заклікае маладых людзей, якіх Пан кліча да служэння на сваёй ніве, з мужнасцю прыняць Яго запрашэнне. У сваю чаргу рэктар ад імя ўсёй семінарыйнай супольнасці запэўнівае ў малітве за кожнага пакліканага да святарскага і манаскага жыцця.

(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.