Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Дзям'янка заклікаў няспынна маліцца аб пакліканнях да святарства
Беларусь - Пінская дыяцэзія
27.04.2013 11:08

Акажы нам, Пане, сваю ласку і абудзі вялікіх веснікаў Евангелля!

Дарагія дыяцэзіяне, на працягу тыдня, пачаўшы ад нядзелі Добрага Пастыра, католікі ва ўсім свеце асаблівым чынам маліліся аб пакліканнях да Божай службы ў Касцёле.

Мы маем свядомасць, што гэтая малітва вельмі важная і абавязковая ў справе збаўлення, асабліва калі ўзгадаць заклік Пана Езуса: “Жніво вялікае, а работнікаў мала. Прасіце Пана жніва, каб паслаў работнікаў на сваё жніво” (Мц 9, 38; Лк 10, 2).

Паслухмяны гэтаму закліку, таксама Касцёл Пінскай дыяцэзіі моліцца і не спыняецца ў руплівай малітве ў інтэнцыі тых, каго Бог паклікаў служыць Яму дзеля збаўлення людзей.

Дзякуючы паслузе святара вернікі атрымліваюць неабходныя ласкі, выслужаныя Езусам Хрыстом, нашым Збавіцелем. Гэта святар здзяйсняе святы хрост, прымае да супольнасці Касцёла, адпускае грахі ў трыбунале Божай Міласэрнасці, перамяняе хлеб і віно ў Цела і Кроў Пана на Эўхарыстычным сходзе. Святар прыносіць духоўнае суцяшэнне цяжка хворым і канаючым, ён благаслаўляе сужэнствы, абвяшчае Божае слова і вядзе да Хрыста, які сказаў: “Я – Дарога, Праўда і Жыццё” (Ян 14, 6).

Не будзем жа спыняцца ў просьбе да “Пана жніва” аб духу адвагі для маладых людзей з нашай дыяцэзіі, каб яны не пабаяліся выбраць гэтае няпростае, але велічнае служэнне Богу і людзям. Каб нашыя парафіі мелі духоўных правадыроў.

Не будзем жа спыняцца ў сведчанні аб клопаце пра дар паклікання да святарства. Размаўляйма на гэтую тэму са шматлікімі старэйшымі і маладымі асобамі. Будзем жа паказваць шырокія далягляды душпастырскай працы. “Парушайма” сэрцы веруючых, каб яны ўключыліся ў справу абуджэння пакліканняў.

У нашай дыяцэзіі на сённяшні дзень 76 парафіяльных супольнасцяў і толькі 56 святароў. У той жа час касцёльнае права і досвед кажа, што добра, калі кожная парафія мае свайго душпастыра. Пры гэтым трэба заўважыць, што 50% святароў у нашай дыяцэзіі – гэта святары „Fidei Donum”. Мы ўдзячныя ім за прысутнасць і служэнне, а таксама за малітву аб пакліканнях з Беларусі.

Мы заклікаем маладых людзей, якіх Бог кліча да святарства, каб яны прынялі гэтае запрашэнне. Семінарыя ў Пінску чакае вас! Няхай вам дапаможа ў прыняцці гэтага жыццёвага рашэння прыклад заступніка нашай дыяцэзіі – святога Андрэя Баболі, 75-ю гадавіну кананізацыі якога цяпер святкуем, а таксама благаслаўлёнага Мечыслава Багаткевіча, святара нашай дыяцэзіі, 15-ю гадавіну беатыфікацыі якога будзем адзначаць у наступным годзе. Яны неслі Добрую Вестку нашым продкам і цяпер цешацца радасцю збаўленых.

Няхай вам дапамогуць у выбары святарскага стану тыя, хто асабліва клапаціўся аб развіцці Касцёла на нашых землях: Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі - першы пастыр Пінскай дыяцэзіі і заснавальнік семінарыі ў Пінску, а таксама святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк, які атрымаў святарскую фармацыю, як і благаслаўлёны Мечыслаў Багаткевіч, у той самай семінарыі, а стаўшы кардыналам, аднавіў яе ўзнёслую дзейнасць.

Малюся, каб сем’і нашай дыяцэзіі, узмоцненыя Божым словам і ласкай, былі супольнасцямі, якія перадаюць веру і адкрываюць Божае пакліканне.

Усіх, хто моліцца аб добрых і шматлікіх пакліканнях да духоўнага служэння, а таксама адкрытых на рэалізацыю святарскага паклікання ад усяго сэрца благаслаўляю

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 27 красавіка 2013 г.

Святарам Пінскай дыяцэзіі належыць прачытаць гэты Зварот падчас кожнай святой Імшы ў V Велікодную нядзелю гэтага года.   

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме