Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адзін на адзін з Богам: у Смаргоні адбыліся рэкалекцыі на тэму паклікання
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
12.11.2012 16:19

10–11 лістапада ў Смаргоні адбыліся рэкалекцыі на тэму паклікання. Больш за пяцьдзесят хлопцаў і дзяўчат з усёй Беларусі, якія належаць да салезіянскай моладзі, прыехалі, каб паразважаць і пераканацца ў тым, што без асабістай сустрэчы з Хрыстом немагчыма пазнаць волю Бога адносна нашага жыцця і зразумець, да чаго нас кліча Збаўца.

Пакліканне чалавека вынікае з Божай ласкі. Менавіта яна ажыўляе, падтрымлівае і ўмацоўвае адказ на пакліканне. Аднак патрэбна таксама і чалавечае намаганне, пот і праца. Не толькі праца, але і ахвяра. Пан Езус пасылае сваіх вучняў абвяшчаць Добрую Навіну, гаворачы: «Не бярыце ў дарогу з сабою ні торбы, ні хлеба, ні медзі і нават дзвюх вопратак». Дарма атрымалі, дарма павінны даваць. Плён святарскага і законнага жыцця, а таксама ўся гэтая місія не залежыць ад грошай і багацця, а толькі ад ласкі веры і паслухмянасці Божай волі.

Рэкалекцыі ў Смаргоні пачаліся малітвай перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Напэўна, ніхто і ніколі не разгадае таямніцу паклікання чалавека на Божую службу. Чаму Бог кліча менавіта гэтага чалавека? Як сумець пачуць Божы заклік? Як не пабаяцца адказаць на яго сваёй згодай? Аб усім гэтым моладзь магла паразважаць падчас адарацыі ці размаўляючы паміж сабою.

Рэкалекцыі ўключалі супольныя і асобныя сустрэчы для хлопцаў і дзяўчат. Хлопцы разам з салезіянамі кс. Іванам Огарам SDB і кс. Паўлам Шчарбіцкім SDB разважалі над тым, што сапраўдны мужчына павінен не баяцца праяўляць ініцыятыву, беручы на сябе адказнасць у розных справах. Дзяўчаты з салезіянкамі с. Ірынай Барцэвіч FMA і с. Тэрэсай Сольнічэк FMA разважалі над дзевяццю асноўнымі характарыстыкамі сапраўднай жанчыны, пра якіх сённяшні свет часта ўжо не памятае: далікатнасць, цярплівасць, слабасць, вернасць, удзячнасць, служэнне, сарамлівасць...

На завяршэнне рэкалекцый кс. Іван Огар падкрэсліў, што ў дасягненні мэты важна мець паслядоўнасць і сістэматычнасць. Таму гэта не апошняя сустрэча такога плану. І калі хтосьці з моладзі неабыякава ставіцца да свайго паклікання, запрашаем на наступныя рэкалекцыі, якія адбудуцца ў лютым 2013 года.

Ганна Семак

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме