Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Мінску салезіянскія аніматары разважалі над выхаваннем дзяцей і моладзі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
15.04.2013 11:52

13–14 красавіка ў Араторыі імя св. Яна Боско ў Мінску праходзіла сустрэча салезіянскіх аніматараў «Слухаючы сэрцам, выхоўваем да сапраўдных адносін». Юныя паслядоўнікі кс. Боско разважалі над выхаваннем дзяцей і моладзі.

«Хлопцы мелі магчымасць увайсці ў сэрца кс. Боско, знайсці там сябе, узбагаціцца ім, — адзначыў падчас канферэнцыі кс. Павел Шчарбіцкі SDB. — І толькі калі ў нашых сэрцах жыве сапраўдная Любоў, якой з’яўляецца Езус Хрыстус, мы можам быць шчыра адкрытымі на дзяцей і моладзь, з якімі працуем».

Падыходзячы да праблем сучаснага выхавання, кс. Іван Огар SDB падкрэсліў, што раней усе сферы, якія маюць непасрэднае дачыненне да выхавання маладога чалавека (сям’я, Касцёл, школа, праца, вуліца), ішлі да адзінай мэты — выхаваць высокамаральную асобу. Зараз мы можам назіраць супрацьлеглае становішча: кожны сацыяльны інстытут мае сваю матывацыю ў справе выхавання дзяцей і моладзі, і далёка не заўсёды яна з’яўляецца карыснай для саміх выхаванцаў. Вельмі важна, па словах святара, дапамагчы сучаснаму маладому чалавеку не згубіцца, адшукаць сябе, каб упэўнена крочыць наперад і развівацца, а не стаяць на месцы і тым самым дэградаваць. Такую адказнасць у дапамозе моладзі і дзецям павінны ўзяць на сябе аніматары — маладыя людзі, якія ўжо здолелі асэнсаваць сапраўдныя каштоўнасці.

Падчас працы з псіхолагам Таццянай Лазаравай аніматары абмяркоўвалі праблемы працы ў групах, як з дзецьмі, так  і паміж сабой. «Часам мы робім выгляд, што ў нас усё добра, бо баімся сапсаваць агульны настрой групы. Але калі мы жадаем, каб наша група была сапраўднай сям’ёй, мы не павінны саромецца падымаць нават „балючыя” тэмы. Бо калі-небудзь ком канфліктаў, якія мы ўпарта не хочам абмяркоўваць паміж сабой, можа „падарваць” групу. Не бойцеся вызнаваць свае слабасці. Калі мы прызнаем сваю слабасць, тым самым мы паказваем сваю сілу», — падсумавала псіхолаг.

Кожны дзень Бог дае чалавеку шанс змяніць нешта ў лепшы бок. Калі чалавек карыстаецца гэтым дарам, галоўным з’яўляецца тое, якая матывацыя надаецца яго дзеянню. «Я хачу мець статус аніматара ці я хачу быць аніматарам» — гэта не гульня словаў, гэта канкрэтная рэалізацыя мэты, да якой мы імкнёмся: быць аніматарам, бо гэта цікава, альбо быць аніматарам, таму што так я магу дапамагчы маладым людзям знайсці шлях да Любові.

Выказваючы падзяку ўсім, хто прычыніўся да арганізацыі сустрэчы, хачу выразіць надзею, што тое, аб чым мы размаўлялі на працягу выходных, стане для кожнага з нас добрай глебай для практыкі ў нашым жыцці . Бо ўжо зараз кожнаму з нас Бог дае шанс змяніць нешта ў лепшы бок.

Таццяна Ісакава

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме