28 снежня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч правёў аплатковую сустрэчу для дзяцей у мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля. Сустрэча пачалася святой Імшой у капліцы, падчас якой арцыпастыр звярнуў увагу, што ў гэты дзень Касцёл адзначае свята святых Немаўлят.
Іерарх нагадаў, што ў другі дзень Божага Нараджэння адзначалася свята св. Стэфана, першамучаніка, каб падкрэсліць, што хрысціянства патрабуе сведчання і нават мучаніцкай смерці. Сёння ж Касцёл узгадвае нявінных дзяцей, якія сталі ахвярай жорсткага цара Ірада, і прызнае іх як мучанікаў, бо яны таксама былі сведкамі Хрыста, хоць і былі яшчэ маленькімі і бездапаможнымі.
Хто можа растлумачыць пакуты гэтых нявінных дзяцей? Ці не з’яўляюцца несправядлівымі іх цярпенні і смерць за таго, каго яны нават не ведалі? Ці не мог Бог абараніць іх? Гэтыя і падобныя пытанні, па словах Мітрапаліта, мы задаём сёння.
«Цярпенне — гэта таямніца, і здаецца, што ніякія тлумачэнні не могуць быць дастатковымі і зразумелымі, — дадаў іерарх. — Аднак апостал Павел вучыць, што тым, хто любіць Бога, усё спрыяе на добрае. Гэтыя нявінныя немаўляткі і іх бацькі цярпелі для Хрыста. Цярпенні, пераслед, нават мучаніцтва — лёс тых, хто наследуе Хрыста. Няма кароны святога без крыжа. Праз крыж мы збаўлены, і крыж спадарожнічае нам. Таму яго трэба прыняць з любоўю, бо ў ім нашае збаўленне».
Божае Нараджэнне — гэта, як адзначыў Мітрапаліт, свята жыцця, падзея, падчас якой «мы цешымся вялікім дарам Бога Айца, якім ёсць Яго Адзінародны Сын Езус Хрыстус, што стаўся адным з нас».
Вялікім дарам, дадаў арцыпастыр, з’яўляецца таксама кожнае жыццё. І «сёння мы цешымся тым, што ў Касцёле ёсць дзеці, што разам з імі можам адзначаць свята Божага Нараджэння, якое яны асабліва любяць — не толькі таму, што яны чакаюць падарункаў і іх атрымліваюць, але і таму, што дзеці любяць дзяцей». Збаўца, па словах Мітрапаліта, прыйшоў у гэты свет як Немаўлятка, і таму «дзецям значна лягчэй падысці да ясляў і сузіраць Боскае Дзіцятка, якое прыйшло ў гэты свет, каб нас збавіць і даць вечнае жыццё».
Потым арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падышоў да дзяцей і задаў ім пытанні адносна Божага Нараджэння. Дзеці дружна адказвалі на іх, чым пацвердзілі, што ўрокі катэхізацыі не прайшлі для іх дарэмна.
Пасля Імшы ў салезіянскім моладзевым цэнтры пры парафіі адбылося дзяленне аплаткай з дзецьмі і вясёлая забава, у якой прыняў удзел Мітрапаліт.
(AG)
|