13 студзеня ў гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася калядная сустрэча біскупа Аляксандра Кашкевіча з настаўнікамі, выкладчыкамі і выхавацелямі. Падобныя сустрэчы праходзяць з часу заснавання душпастырства настаўнікаў у Гродзенскай дыяцэзіі, якое існуе ўжо 12 гадоў.
Як адзначыла ўдзельніца душпастырства Людміла Гапонік у размове з Сatholic.by, біскуп Кашкевіч штогод прысутнічае на гэтых сустрэчах: «Мы нават не можам сабе ўявіць, каб на іх не было нашага біскупа. Ён заўсёды ўдзельнічае ў святочнай сустрэчы з намі, мы дзелімся аплаткай і разам спяваем калядкі». На сёлетнюю сустрэчу прыбыў таксама а. Андрэй Шчупал CSRS, заснавальнік душпастырства, і кс. Антоні Грэмза, які цяпер адказвае за душпастырства.
Сустрэча пачалася святой Імшой, якую ўзначаліў гродзенскі ардынарый. У гаміліі біскуп падкрэсліў, што свята Хросту Пана, якое адзначалася ў гэты дзень, — «цудоўная нагода падзякаваць Богу за ласку святога хросту і нагадаць сабе пра абавязкі, якія паходзяць з гэтай вялікай годнасці». Іерарх нагадаў пра сутнасць сакрамэнту хросту, які пакідае на чалавеку своеасаблівую вечную пячатку, робячы яго дзіцём Бога і святыняй Духа.
Многія хрысціяне, працягваў біскуп, забываюць пра абавязкі, якія ўскладае на іх хрост, занядбоўваючы малітоўнае жыццё, удзел у сакрамэнтах, не звяртаючы ўвагі на рэлігійнае выхаванне сваіх дзяцей. Усё часцей людзі падвяргаюцца спакусе трактаваць веру як прыватную справу, якая не ўплывае ніякім чынам на грамадскае жыццё. Нярэдка такое жыццё хрысціяніна становіцца ў рэшце рэшт антысведчаннем евангельскіх каштоўнасцяў.
Іерарх заахвоціў настаўнікаў, выкладчыкаў і выхавацеляў у Год веры асабліва сведчыць аб сваёй прыналежнасці Хрысту. «Вы пакліканы даваць найпрыгажэйшае сведчанне веры на працы, у школах і іншых навучальных установах», — сказаў гродзенскі ардынарый.
Настаўніцкая праца, як дадаў біскуп Аляксандр Кашкевіч, каштуе вялікіх высілкаў, патрабуе ўмення, а ўчынкі і жыццёвая пастава ў ёй нават больш важныя, чым словы і жэсты. Таму іерарх заклікаў удзельнікаў сустрэчы быць праўдзівымі ў сваім жыцці і адносінах з вучнямі, бо сучасная моладзь «лёгка распазнае фальш і няшчырасць».
Жыццёвым дэвізам біскуп прапанаваў настаўнікам абраць словы св. Аўгустына, прамоўленыя да вернікаў: «Даю вам тое, чым жыву сам». «Толькі калі вы будзеце кожны дзень жыць верай, гэтае сведчанне будзе прыносіць чаканыя плёны», — звярнуў увагу ардынарый. Акрамя гэтага, вельмі важным біскуп назваў уменне распазнаваць у вучнях і выхаванцах аблічча самога Хрыста.
Пасля літургіі адбылося дзяленне аплаткай і выказванне святочных віншаванняў у цёплай і сардэчнай атмасферы. Дзеці, якія ўдзельнічалі ў сустрэчы, атрымалі падарункі ад святога Мікалая.
Кс. Юрый Марціновіч (AG)
|