Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Гродне адбылася малітва за літоўскі народ
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
17.02.2013 21:55

16 лютага ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў малітву за літоўскі народ і тых літоўцаў, якія жывуць у Беларусі. У гэты дзень у Літве адзначаўся Дзень незалежнасці.

У малітве ўдзельнічалі капелан літоўскай меншасці ў Гродзенскай дыяцэзіі кс. Казімір Жыліс SJ, прадстаўнікі Генеральнага консульства Літоўскай рэспублікі ў Гродне, літоўцы, якія жывуць у нашай краіне.

Кажучы пра насычаную і складаную гісторыю літоўскай дзяржавы, біскуп Кашкевіч падкрэсліў важнасць свабоды, да якой ад святога хросту кліча сам Бог. «Свабода — гэта пазнанне Езуса як Дарогі і Праўды. Чалавек свабодны ведае, адкуль выйшаў і куды ідзе. Ён не баіцца будучыні, бо ведае, каму даверыўся. Свабода — ясная мапа жыцця, на якой накрэслены ўсе жыццёвыя змаганні слабага чалавека, і яна паказвае, як дасягнуць вечнасці», — адзначыў іерарх.

Біскуп дадаў, што ў сённяшнія нялёгкія часы ў Еўропе ўсё часцей можна заўважыць, як занядбоўваюцца хрысціянскія каштоўнасці, «традыцыі, культура, добрыя звычаі», як Еўропа «адыходзіць ад сваіх хрысціянскіх каранёў». Гродзенскі ардынарый падкрэсліў, наколькі патрэбны Еўропе Бог, якога нашы сучаснікі нярэдка адкідаюць, аб чым сведчыць і прыняцце новых законаў, што супярэчаць Божаму закону.

Іерарх заахвоціў літоўцаў, якія жывуць у Беларусі, захоўваць духоўную спадчыну і перадаваць хрысціянскія каштоўнасці будучым пакаленням.

Кс. Юрый Марціновіч

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме