Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сустрэча біскупа Кашкевіча са студэнтамі і выкладчыкамі катэхетычных курсаў: усё жыццё хрысціяніна павінна быць сведчаннем
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
14.01.2013 22:18

12 студзеня адбылася калядная сустрэча студэнтаў і выкладчыкаў Катэхетычных курсаў пры Аддзеле каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі. Сустрэча пачалася святой Імшой у касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У гаміліі іерарх засяродзіў увагу напярэдадні свята Хросту Пана на сутнасці сакрамэнту хросту, падчас якога бацькі і хросныя дзіцяці вызнаюць сваю веру. Пасля гэтага сакрамэнту, па словах біскупа, «усё жыццё хрысціяніна павінна быць сапраўдным сведчаннем веры, нястомным адказам веры ў штодзённай рэчаіснасці».

Гродзенскі ардынарый заклікаў і катэхетаў, і студэнтаў да жыцця верай, дадаўшы, што тыя, хто праводзіць катэхізацыю, маюць вялікую адказнасць: весці дзяцей і моладзь да спаткання з жывым Богам.

Біскуп дадаў, што веру трэба пастаянна развіваць — не толькі ў гэты Год веры, але і на працягу ўсяго жыцця. Сёння мы, як адзначыў іерарх, усё часцей бачым многія непакоячыя з’явы, якія называем крызісам веры. Нямала хрысціян, як заўважыў ардынарый, забываюць пра абавязкі, што паходзяць са святога хросту, занядбоўваюць малітоўнае жыццё і сакрамэнты, не надаюць належнай увагі рэлігійнаму выхаванню будучага пакалення.

Біскуп заахвоціў катэхетаў кожны дзень жыць верай, падкрэсліўшы, што толькі ў гэтым выпадку іх сведчанне будзе прыносіць багатыя плёны.

Пасля літургіі быў прадстаўлены спектакль на тэму Божага Нараджэння, падрыхтаваны студэнтамі катэхетычных курсаў. Затым настаў час дзялення аплаткай і выказвання ўзаемных пажаданняў. Кожны з прысутных мог падзяліцца аплаткай і паразмаўляць таксама з пастырам гродзенскага Касцёла, дзякуючы чаму біскуп пазнаёміўся з будучымі катэхетамі, якія пасля заканчэння курсаў будуць апавядаць іншым пра Бога.

Дырэктар курсаў а. Андрэй Шчупал ад імя ўсіх выкладчыкаў і студэнтаў выказаў падзяку біскупу Аляксандру Кашкевічу за тую вялікую радасць, з якой іерарх сустракаецца з навучэнцамі і якой дзеліцца з імі.

Кс. Юрый Марціновіч

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме