Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: Хрыстус даў Касцёлу хрост, каб адрадзіць людзей для жыцця вечнага
Слова Папы
13.01.2013 16:30

Нагадваць сабе пра наш хрост, які адкрыў нам шлях да жыцця вечнага, заахвоціў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас малітвы «Анёл Панскі» 13 студзеня. У гэты дзень у Касцёле святкуецца нядзеля Хросту Пана.

Пантыфік адзначыў, што гэтай нядзеляй завяршаецца перыяд Божага Нараджэння — час «Хрыстовага святла», якое, з’явіўшыся на небасхіле чалавецтва, прагнала цемру зла. У свята Хросту Езуса, працягваў Папа, мы бачым Яго ўжо дарослым чалавекам, які хрысціцца ў водах Ярдана і асвячае такім чынам воды ўсяго свету.

Значэнне хросту Езуса, падкрэсліў Святы Айцец, трэба разумець у адным слове: любоў, што з’яўляецца іменем самога Бога. Прыняцце хросту з рук Яна Хрысціцеля стала першым публічным учынкам Хрыста.

Па словах Пантыфіка, Езус — «новы чалавек, які перад абліччам зла ў свеце абірае шлях пакоры і адказнасці — не для таго, каб аздаравіць самога сябе, але каб аддаць сваё жыццё за праўду і справядлівасць». Хрыстус «даў Касцёлу хрост, каб нанава адрадзіць людзей для жыцця вечнага».

Папа нагадаў, што сёння раніцай удзяліў хрост групе дзяцей. «У гэтую хвіліну жадаю ахапіць сваёй малітвай і благаслаўленнем усіх нованароджаных дзяцей, — сказаў Святы Айцец. — Найперш, аднак, хацеў бы заахвоціць усіх нагадаць сабе пра наш хрост, пра гэтае духоўнае адраджэнне, якое адкрыла шлях да жыцця вечнага. Каб кожны хрысціянін у гэты Год веры мог нанава адкрыць прыгажосць адраджэння з неба, дзякуючы любові Бога, і жыць як Яго сапраўднае дзіця».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме