Святы Айцец: кожны з нас жаданы і любімы Богам |
Слова Папы |
09.01.2012 12:52 |
8 студзеня 2011 г. перад малітвай «Анёл Панскі» Святы Айцец Бэнэдыкт XVI звярнуўся да сабраных на плошчы Св. Пятра ў Рыме з заклікам «перарадзіцца» для новага жыцця дзяцей Божых, дзякуючы веры і сталенню ў адносінах з Айцом Нябесным. Згадаўшы, што раніцай удзяліў сакрамэнт хросту 16 дзецям, Пантыфік прапанаваў вернікам паразважаць на тэму быцця дзецьмі Божымі. «Перш за ўсё, будзем адштурхоўвацца ад нашага быцця проста дзецьмі: гэта фундаментальны стан, у якім прабываў кожны з нас, — адзначыў Папа. — Прыйсце ў свет ніколі не з’яўляецца нашым выбарам, і ў нас ніхто не пытаецца, ці хацелі б мы нарадзіцца. Але на працягу жыцця мы можам рабіць больш сталымі нашы адносіны да жыцця: мы можам прымаць яго як дар, і ў пэўным сэнсе „стаць“ тымі, кім з’яўляемся: стаць дзецьмі. Гэты пераход азначае наша сталенне і сталенне ў адносінах да нашых бацькоў, якія напаўняюцца ўдзячнасцю. Гэты пераход робіць нас таксама здольнымі быць бацькамі — не толькі біялагічна, але і маральна». Мы з’яўляемся дзецьмі таксама ў адносінах да Бога. Бог — гэта пачатак існавання кожнага стварэння, «Ён з’яўляецца Айцом для кожнага чалавека: з кожным з нас Ён мае асаблівыя і асабістыя адносіны». Кожны з нас жаданы і любімы Богам. Таксама ў гэтых адносінах з Богам мы можам «перарадзіцца і стаць тымі, кім з’яўляемся на самой справе. Гэта адбываецца дзякуючы веры, нашаму глыбокаму і асабістаму „так“, скіраванаму да Бога як да пачатку і фундаменту існавання». Праз гэтую згоду чалавек прымае жыццё як дар Айца, які ёсць у Нябёсах, Стварыцеля, якога не бачыць, але ў якога верыць. «На чым грунтуецца гэтая вера ў Бога Айца? Яна грунтуецца на Езусе Хрысце: Яго асоба і гісторыя адкрываюць нам Айца, знаёмяць з Ім, наколькі гэта магчыма ў гэтым свеце. Верыць у Езуса Хрыста, Сына Божага, азначае „перарадзіцца з вышыні“, гэта значыць ад Бога, які з’яўляецца Любоўю (пар. Ян 3,3). Святы Ян кажа ў адносінах да Езуса: „Тым, хто прыняў Яго, даў уладу стаць Божымі дзецьмі“ (Ян 1,12). Гэта значэнне сакрамэнту хросту: новае нараджэнне, якое адбываецца дзякуючы Святому Духу ва ўлонні Касцёла», — прыводзіць словы Пантыфіка Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. |