Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: прымаючы хрост, Езус хоча адарваць нас ад нашых грахоў
Слова Папы
13.01.2013 14:39

13 студзеня, у нядзелю Хросту Пана, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI узначаліў літургію ў Сікстынскай капэле. У гаміліі Папа звярнуў увагу, што, прымаючы сакрамэнт хросту, мы нараджаемся нанава як дзеці Бога і ўдзельнікі сыноўніх адносінаў Езуса з Айцом. Падчас Імшы Пантыфік удзяліў сакрамэнт хросту 20 дзецям.

Па словах Папы, у хросце выяўляецца «жывая і дзейсная прысутнасць Духа Святога, які, узбагачаючы Касцёл новымі дзецьмі, ажыўляе яго».

Сённяшні фрагмент Евангелля аб хросце Езуса, працягваў Пантыфік, паказвае «шлях прыніжэння і пакоры, які Сын Божы абраў дабравольна, каб захаваць вернасць плану Айца, быць паслухмяным Яго волі любові да чалавека ва ўсім, ажно да ахвяры на крыжы». Езус, прымаючы хрост, хоць сам не мае граху, становіцца між тымі, якім патрэбна Божае прабачэнне, — такі чынам Ён хоча стаць салідарным з імі, каб «адарваць нас ад нашых грахоў, сказаць нам, што, калі прымем Яго ў сваім жыцці, Ён можа ўзнесці нас да Бога Айца». Таму, дадаў Папа, Езус здольны разумець нашу слабасць і крохкасць.

У тую хвіліну, калі Езус прымае хрост з рук Яна Хрысціцеля, адкрываецца неба, і Дух Святы сыходзіць у вобразе голуба, а голас з неба кажа, што Хрыстус — адзінародны ўмілаваны Сын Айца. Так аб’яўляецца Святая Тройца, паказваючы «боскасць Езуса, тое што Ён з’яўляецца абяцаным Месіяй», і выконваецца прароцтва Ісаі: Пан Бог прыходзіць з моцай, каб знішчыць справы граху. Праз смерць Езуса, дадаў Пантыфік, чалавек быў вызвалены ад панавання граху і паяднаўся з Айцом, а праз Яго ўваскрасенне быў збаўлены ад вечнай смерці і стаў пераможцам над злом.

Праз хрост, падкрэсліў Папа, мы яднаемся з Езусам «глыбока і назаўсёды, пагружаемся ў таямніцу Яго моцы — значыць у таямніцу Яго смерці, якая ёсць крыніцай жыцця, каб удзельнічаць у Яго ўваскрасенні і нарадзіцца для новага жыцця». Гэта «цуд, які паўтараецца і сёння» для новых ахрышчаных, для якіх «адкрываецца неба, і Бог кажа: гэта мае сыны, дочкі, якіх Я ўпадабаў».

Святы Айцец заклікаў бацькоў дзяцей, якім удзяліў у гэты дзень хрост, сведчыць сваю веру, радасць быць хрысціянамі і належаць Касцёлу. Гэта, па словах Папы, «радасць прызнання сябе Божымі дзецьмі, адкрыцця, што мы знаходзімся ў Яго руках». Гэтая радасць, якая напраўляе жыццё кожнага хрысціяніна, «заснавана на асабістай блізкасці з Езусам», які з’яўляецца «сэнсам нашага жыцця».

Як адзначыў Пантыфік, зерне веры, надзеі і любові, якое сёння будзе пакладзена ў сэрцы новаахрышчаных, павінна «заўсёды сілкавацца Божым словам і сакрамэнтамі, каб гэтыя хрысціянскія цноты маглі ўзрастаць і дасягнуць дасканаласці, учыніўшы кожнага з гэтых дзяцей сапраўдным сведкам Бога».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.