Старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі: быць адукаваным у веры — права кожнага верніка |
Рымская курыя |
26.01.2013 17:25 |
Евангелізацыя павінна ўвайсці ў жыццё кожнага хрысціяніна, каб ён быў катэхетам, спалучаючы веру са штодзённасцю, — так старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікела пракаментаваў змены, уведзеныя Святым Айцом у кампетэнцыі ватыканскіх ведамстваў. 25 студзеня Пантыфік перадаў Папскай радзе адказнасць за катэхетычную дзейнасць ад Кангрэгацыі па справах Духавенства. У газеце Апостальскай Сталіцы «L‘Osservatore Romano» арцыбіскуп Рына Фізікела піша, што менавіта катэхізацыя з’яўляецца новым інструментам для паспяховай місіі Касцёла несці Добрую Навіну кожнаму. Іерарх падкрэслівае, што быць вернікам не азначае жыць казкамі ці міфамі мінулага, але імкнуцца асабіста ўносіць уклад у праўду аб’яўлення, якое знаходзіць сваю паўнату ў Езусе Хрысце. Усведамленне гэтага і можа прывесці да мэты новай евангелізацыі — даць магчымасць усім вернікам сустрэцца з Езусам. (AG) |