Дзяржсакратар Папы падкрэсліў патрэбу новых тэхналогій у кнігавыдавецтве |
Дзяржава Ватыкан
|
15.01.2013 16:24 |
15 студзеня Дзяржаўны сакратар Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI кардынал Тарчызіо Бэртонэ прыняў удзел у адкрыцці новых памяшканняў выдавецтва Апостальскай Сталіцы «Libreria Editrice Vaticana». Іерарх, між іншым, звярнуў увагу на патрэбу новых тэхналогій для распаўсюджвання хрысціянскага паслання.
Адной з такіх ініцыятыў у кантэксце кнігавыдавецтва з’яўляюцца, як адзначыў кардынал, электронныя кнігі. Іерарх заахвоціў ватыканскіх выдаўцоў да развіцця гэтага напрамку дзейнасці, не забываючыся адначасова аб вялікім попыце на кнігі ў класічным, папяровым варыянце.
Як інфармуе Ватыканскае радыё, кардынал Тарчызіо Бэртонэ заклікаў ватыканскае выдавецтва звярнуць увагу таксама на новыя напрамкі дзейнасці: адкрыццё новых пунктаў продажу, удзел у міжнародных выставах, прадстаўніцтва за мяжой. Іерарх заўважыў, што адкрыццё новых памяшканняў выдавецтва — сведчанне таго, наколькі важнымі для Апостальскай Сталіцы з’яўляюцца культурныя ініцыятывы «ў перспектыве новай евангелізацыі», і дадаў, што выданне кніг — гэта «спрыянне абмену ідэямі і новаму спосабу жыцця».
(AG)
|