Ватыканскаму мастацтвазнаўцу ўручаць беларускі ордэн |
Дзяржава Ватыкан |
18.05.2017 17:09 |
Указ аб уручэнні высокай дзяржаўнай узнагароды за значны асабісты ўклад у развіццё культурнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Святым Пасадам падпісаў 7 сакавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Антоніа Паолучы непасрэдна прычыніўся да арганізацыі і правядзення выставы беларускага сакральнага мастацтва ў Ватыкане «Іканапіс Беларусі XVII–XXI стагоддзяў», што праходзіла ад 19 мая па 25 ліпеня 2016 г. і стала першай у гісторыі такога роду ініцыятываў з Усходняй Еўропы ў Ватыканскіх музеях. Увазе наведвальнікаў былі прадстаўлены найбольш значныя творы беларускай іканапіснай традыцыі розных часоў. Усяго ў экспазіцыю ўвайшлі 33 іконы — каталіцкія і праваслаўныя. Ордэн Францішка Скарыны — дзяржаўная ўзнагарода Беларусі, якая ўручаецца за значныя поспехі ў галіне нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, выдатныя даследаванні гісторыі Беларусі, дасягненні ў галіне нацыянальнай мовы, літаратуры, мастацтва, кнігавыдавецтва, культурна-асветнiцкай дзейнасцi, а таксама пашырэння культурнай спадчыны беларускага народа і за асаблівыя заслугі ў гуманітарнай, дабрачыннай дзейнасці, у справе абароны чалавечай годнасці і правоў грамадзян, міласэрнасць і іншыя высакародныя ўчынкі. Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё |