Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ватыкан занепакоены магчымым выйсцем ЗША з кліматычнага пагаднення
Дзяржава Ватыкан
01.06.2017 15:15

Калі Дональд Трамп сапраўды аб’явіць аб выхадзе ЗША з Парыжскага кліматычнага пагаднення, гэта будзе праявай сур’ёзнай непавагі да Ватыкана. Такую думку выказаў канцлер Папскай Акадэміі навук аргенцінскі біскуп Марсэло Санчэс Саронда.

У інтэрв’ю рымскаму выданню La Repubblica ватыканскі іерарх паведамляе, што амерыканскі прэзідэнт размаўляў на тэму парыжскага пагаднення як з папам Францішкам, так і з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці кардыналам П’етра Паралінам.

На думку біскупа Саронда, за рашэннем Трампа стаіць нафтавае лобі.

Канцлер Папскай Акадэміі навук згаджаецца з меркаваннем Ангелы Меркель, што пазіцыя амерыканскага прэзідэнта не толькі можа прывесці да катастрофы, але і з’яўляецца нязгоднай з навукай.

Як сцвярджае ватыканскі іерарх, часткова за гэтую сітуацыю адказны папярэднік Трампа. Барак Абама фарсіраваў свае рашэнні ў справе клімату прэзідэнцкімі дэкрэтамі, «пакінуўшы свайму наступніку магчымасць іх змены». «Сёння Трамп у адзін дзень можа змяніць карты на стале на некарысць многіх і на карысць нафтавага лобі, бо ранейшыя рашэнні былі прыняты ў невыразнай і нетрывалай форме», — дадаў біскуп Саронда.

Пагадненне па барацьбе са зменамі клімата было падрыхтавана ў Парыжы ў 2015 годзе, заключана ў красавіку 2016 года ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку. Подпісы пад дакументам паставілі прадстаўнікі больш 170 краін, у тым ліку ЗША, Кітай, Расія і Беларусь. Яно замяніла Кіёцкі пратакол. Парыжскае пагадненне абавязала ЗША да 2025 года скараціць выкіды парніковых газаў на 26-28 працэнтаў у параўнанні з узроўнем 2005 года.

Дакумент прадугледжвае ў якасці супольнай мэты 196 краін свету стрымліванне павышэння сярэдняй тэмпературы на Зямлі ў межах 2 градусаў Цэльсія да 2100 года ад узроўню даіндустрыяльнай эпохі, а таксама прыкладанне намаганняў па стрымліванню гэтага паказальніка ў межах 1,5 градусаў Цэльсія.

Толькі дзве краіны ў свеце не падтрымалі пагадненне: Сірыя і Нікарагуа.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас перадвыбарчай кампаніі абяцаў вывесці ЗША з гэтага пагаднення.

Паволде КАІ і interfax.ru
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.