Аб ролі новай евангелізацыі ў абароне сям’і будзе разважаць міжнародны кангрэс, які пройдзе 11–13 лютага ў Папскім інстытуце Яна Паўла ІІ у Рыме. У кангрэсе прымуць удзел тэолагі, медыкі, філосафы, выхавацелі і бацькі, якія паразважаюць аб важнасці інстытуту сям’і для натуральнага развіцця чалавечага жыцця, дадзенага Богам.
Тэма дыскусій кангрэса, які адбудзецца ў рамках Года веры, прапанавана Сінодам Біскупаў па новай евангелізацыі, які прайшоў у 2012 г.
«Бэнэдыкт XVI пастаянна звяртае ўвагу на сувязь паміж цяжкасцю для некаторых ахрышчаных выяўляць веру і крызісам сям’і. Сям’я выступае як шлях, а таксама як рэсурс Касцёла для вырашэння праблем новай евангелізацыі, асабліва ў традыцыйна хрысціянскіх краінах, якія перажываюць моцны крызіс», — адзначаюць арганізатары сустрэчы, нагадваючы словы Папы ў гаміліі на адкрыцці Сіноду: «Шлюб сам па сабе ёсць Евангелле, Добрая Вестка для сучаснага свету, асабліва дэхрысціянізаванага. Саюз мужчыны і жанчыны, іх здольнасць у любові станавіцца „адзіным целам”, у плённым і непарыўным каханні, — гэта знак, які моцна гаворыць аб Богу».
Па інфармацыі Ватыканскага радыё, падчас кангрэсу будуць разглядацца разважанні бл. Яна Паўла ІІ аб святасці сям’і і яе важнасці для грамадства ўсіх часоў і народаў. (AG)
|