Дарагія святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры ў Хрысце!
Зыходзячы з Ноты Кангрэгацыі Веравучэння ад 6 студзеня 2012 г., падрыхтаванай Апостальскай Сталіцай праграмы і Пастырскага паслання Біскупаў Беларусі на Год веры, гэтым распараджэннем зацвярджаю наступныя пункты душпастырскай праграмы на Год веры ў Пінскай дыяцэзіі. - У касцёле неабходна ўсталяваць на адпаведным месцы Дакументы Другога Ватыканскага Сабору і Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.
- У касцёлах і капліцах вывесіць лагатып Года веры.
- Гаміліі, катэхезы, душпастырскія і фармацыйныя сустрэчы прысвяціць тэматыцы веры, звярнуць увагу на гераічныя прыклады веры мясцовых святых і благаслаўлёных, Божых слугаў і сведкаў веры (святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў).
- Звярнуць увагу на веданне сярод вернікаў Сімвала веры, Святога Пісання, Дакументаў Другога Ватыканскага Сабору і Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.
- Акрамя святкавання парафіяльных урачыстацяў з нагоды тытулу касцёла або апекуна, заахвоціць вернікаў да наведвання адпустовых касцёлаў і пілігрымак у святыя месцы, каб дапамагчы ім шчодра чэрпаць з крыніц Божых ласкаў.
- Належыць паклапаціцца аб аднаўленні прыдарожных крыжоў, капліц і іншых публічных знакаў нашай веры. Пастарацца ўстанавіць новыя крыжы або каплічкі ў месцах, звязаных з жыццём і гісторыяй мясцовага Касцёла.
- Зыходзячы з мясцовай традыцыі веры і душпастырскіх патрэбаў святары могуць дадаць новыя ініцыятывы.
Сярод душпастырскіх мерапрыемстваў на Год веры належыць звярнуць асаблівую ўвагу на наступныя:
У кожны першы чацвер месяца — малітва за святароў і аб пакліканнях да Божай службы ў Касцёле.
У кожную першую пятніцу месяца — малітва да Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста.
У кожную першую нядзелю месяца (адарацыйную) павінна адбывацца эўхарыстычнае набажэнства ў інтэнцыі ўмацавання веры.
28 кастрычніка — святарскія і дыяканскія пасвячэнні (Баранавічы, парафія Св. Зыгмунта). Малітва аб пакліканнях і разважанне над дарам і таямніцай святарства.
29 кастрычніка — дыяцэзіяльная сустрэча моладзі на распачацце Года веры (Брэст, парафія Узвышэння Св. Крыжа).
1–2 лістапада — знагоды падрыхтоўкі і перажывання малітваў за памерлых засяродзіць увагу вернікаў на неабходнасці клопату аб месцах спачывання памерлых, асабліва святароў, кансэкраваных асобаў, а таксама аб тых, пра якіх няма каму паклапаціцца. Знешні выгляд месцаў пахавання з’яўляецца выразам веры і клопату аб пасмяротным лёсе чалавека.
18 лістапада — аблучыны ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Малітва за навучэнцаў і працаўнікоў семінарыі.
25 лістапада — урачыстасць 600-годдзя парафіі Узвышэння Св. Крыжа ў Брэсце. Нагода прыгадаць багатую гістарычную спадчыну каталіцкай веры на нашых землях.
Адвэнтовыя рэкалекцыі ў парафіях сканцэнтраваныя на тэматыцы Года веры.
Аплатковыя сустрэчы ў перыяд перад і пасля ўрачыстасці Божага Нараджэння перажыць як нагоду да сустрэчы з самымі рознымі катэгорыямі людзей, каб дзяліцца з імі скарбам веры і паглыбляць разуменне Уцелаўлення Езуса Хрыста.
Душпастырскія адведзіны вернікаў (каляда) у перыяд Божага Нараджэння перажыць з вернікамі ў духу ўмацавання парафіяльнай супольнасці як адзінай сям’і Божых дзяцей.
5 студзеня — дыяцэзіяльная сустрэча моладзі і сустрэча пілігрымаў (Баранавічы, парафія Св. Зыгмунта).
2 лютага — Дзень кансэкраванага жыцця. Малітва за пакліканых да Божай службы.
9 лютага — дыяцэзіяльная сустрэча моладзі (Гомель, парафія Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі).
Велікапосныя рэкалекцыі ў парафіях сканцэнтраваны на тэматыцы Года веры.
9–10 мая — пілігрымка з Пінска ў санктуарый Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, апякункі Пінскай дыяцэзіі.
16 мая — пілігрымка з Пінска ў Янаў Палескі (Іванава) ў санктуарый св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі. Урачыстае святкаванне 75-й гадавіны яго кананізацыі.
18–19 мая — дыяцэзіяльнае чуванне моладзі перад урачыстасцю Спаслання Духа Святога (Пінск, катэдральная базыліка Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і духоўная семінарыя).
30 мая — урачыстасць Цела і Крыві Хрыста, а таксама працэсія Божага Цела як нагода для паглыблення веры ў прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі, а таксама публічнай маніфестацыі веры.
26 чэрвеня – 5 ліпеня — агульнадыяцэзіяльная пілігрымка да санктуарыя Маці Божай Будслаўскай, апякункі Года веры ў Касцёле на Беларусі. Пілігрымка распачынаецца ад парафіі Маці Божай Фацімскай у г. Баранавічы.
6 ліпеня — урачыстасць у санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, апякункі Года веры ў Касцёле на Беларусі. Святкаванне 400-годдзя прыбыцця цудоўнага абраза Маці Божай у Будслаў. Прысвячэнне Айчыны і мясцовай супольнасці Касцёла Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі.
13 ліпеня — малітва за святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў, мучанікаў за веру (з нагоды гадавіны расстрэлу святароў у Баранавічах у 1942 г.).
26–28 ліпеня — агульнабеларуская малітоўная сустрэча моладзі ў Івянцы.
15 жніўня — урачыстасць тытулу касцёла ў пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Магчымасць атрымаць адпуст з нагоды Года веры.
18–22 жніўня — агульнадыяцэзіяльныя пілігрымкі (з Баранавіч і Бярозы) у санктуарый Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, апякункі Пінскай дыяцэзіі.
21–22 жніўня — агульнадыяцэзіяльнае чуванне ў санктуарыі Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, апякункі Пінскай дыяцэзіі.
8 верасня — урачыстасць тытулу касцёла ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі. Магчымасць атрымаць адпуст з нагоды Года веры.
14 верасня — урачыстасць тытулу касцёла ў парафіях Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце і Баранавічах. Магчымасць атрымаць адпуст з нагоды Года веры.
26 кастрычніка — дыяцэзіяльная сустрэча моладзі на заканчэнне Года веры (Брэст, парафія Узвышэння Св. Крыжа).
24 лістапада — урачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету — урачыстае заканчэнне Года веры.
Давяраючы ўсіх вас апецы Маці Божай Лагішынскай і святога Андрэя Баболі, на плённае перажыванне Года веры ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога.
Біскуп Антоні Дзям’янка Ардынарый Пінскай дыяцэзіі
Пінск, 29 лістапада 2012 г.
|