| 
  У 2013 годзе ў Каталіцкім Касцёле пройдуць урачыстасці, сустрэчы, розныя ініцыятывы і іншыя падзеі. Якія з іх ужо запланаваны? 
У межах Года веры пройдуць набажэнствы, пілігрымкі, канферэнцыі, канцэрты і выставы. 25–26 лютага, як інфармуе Katolik.ru, у рымскім Грыгарыянскім універсітэце пройдзе кангрэс, прысвечаны евангельскай місіі святых Кірыла і Мяфодзія сярод славян. 4–6 красавіка ў Рыме адбудзецца сустрэча Міжнароднай каталіцкай асацыяцыі педагагічных навук з удзелам Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі, а 15–17 красавіка будзе адзначацца 450-годдзе заснавання духоўных семінарый.
  28 красавіка папа Бэнэдыкт XVI удзеліць сакрамэнт канфірмацыі групе моладзі.
  23–28 ліпеня ў бразільскім Рыа-дэ-Жанейра пройдзе Сусветны дзень моладзі з удзелам Папы. Перад гэтым у Бразіліі адбудзецца Місіянерскі тыдзень, падчас якога моладзь будзе ўдзельнічаць у рэлігійных, культурных і сацыяльных мерапрыемствах.
  З нагоды 1700-годдзя Міланскага эдыкта, які завяршыў пераслед хрысціян у Рымскай імперыі, пройдуць разнастайныя мерапрыемствы.
  У першай палове 2013 года выйдзе чацвёртая энцыкліка папы Бэнэдыкта XVІ. Аб гэтым паведаміў старшыня Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі. У дакуменце Пантыфік падзеліцца разважаннямі пра тое, што значыць быць хрысціянінам сёння, аб ролі веры ў жыцці і значэнні хрысціянства ў свеце, ахопленым крызісам.
  У Францыі і ЗША плануюцца новыя дэманстрацыі ў абарону жыцця і сям’і. 13 студзеня ў Парыжы чакаецца дэманстрацыя супраць легалізацыі аднаполых сужэнстваў.
  24 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, Святы Айцец завершыць Год веры. (AG) 
  
 |