Біскуп Дзям’янка благаславіў вуглавы камень пад будаўніцтва новага касцёла ў Брэсце (+фотарэпартаж) |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
03.07.2017 17:40 |
Новы касцёл пад тытулам Сэрца Пана Езуса будзе пабудаваны ў мікрараёне Рэчыца горада Брэста. 3 ліпеня біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка благаславіў будаўнічую пляцоўку і вуглавы камень будучай святыні.
Касцёл, які будзе пабудаваны ў мікрараёне Рэчыца, — гэта плён веры чалавека, яго адносін з Богам і любові да людзей і будучых пакаленняў. На гэта ўказаў біскуп Пінскі падчас святой Імшы і нагадаў, што і для нас засталася памяць пра веру нашых продкаў —старажытныя святыні.
«Каля 20 гадоў таму памёр французскі пісьменнік і філосаф Андрэ Фрасар — чалавек з вельмі цікавай гісторыяй жыцця. Нарадзіўся Андрэ і выхоўваўся ў яўрэйскай атэістычнай сям’і. Пра Бога нічога не ведаў, што і не дзіўна. Калі вучыўся ў Парыжы, пасябраваў з веруючым юнаком. І вось аднойчы па дарозе на вучобу яны праходзілі каля касцёла, дзе праз увесь дзень быў выстаўлены Найсвяцейшы Сакрамэнт. Сябар папрасіў пачакаць яго, і на хвіліну зайшоў на адарацыю. Як піша ў сваіх успамінах Андрэ, хвіліны цягнуліся неміласэрна. І ён увайшоў у святыню, каб адшукаць аднакурсніка, а ўвыніку знайшоў Сябра на ўсё жыццё. Сваім успамінам Андрэ даў назву “Бог ёсць”. Андрэ стаў глыбока веруючым чалавекам. Пражыў амаль сто гадоў, сябраваў з папам Янам Паўлам ІІ, з якім зрабіў доўгае кніжнае інтэрв’ю», — распавёў біскуп Пінскі.
Іерарх нагадаў, што для таго і будуюцца касцёлы, каб сам Бог у іх панаваў, змяняў і выпраўляў жыццё чалавека. «Таму касцёлы так патрэбны, і таму мне як біскупу так важна, каб яны былі. Я радуюся, што яны ёсць і будуюцца дзякуючы вашай веры і ахвярнасці, — дадаў іерарх. — І ў той жа час, ва ўсім гэтым трэба бачыць твор самога Бога. Калі сам Пан дому не збудуе, дарэмна над ім рамеснік працуе».
Біскуп Антоні нагадаў таксама, што ў святыні павінен быць святар, і звярнуўся да прысутных з заклікам маліцца аб пакліканнях да святарства і манаскага жыцця.
(cath/vgr) Фота Надзеі Гарох |
Фотарэпартаж |