Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Тарксан: прагрэс мае свае цёмныя бакі і непрымальныя кошты
Рымская курыя
25.05.2017 15:41

Прагрэс мае свае цёмныя бакі і непрымальныя кошты, калі малая частка насельніцтва спажывае набольшую частку рэсурсаў. На гэта ўказаў 24 мая кардынал Пітэр Тарксан, прэфект Дыкастэрыі па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека, на экуменічным форуме ў Рыме, прысвечаным 500-годдзю Рэфармацыі Лютэра.

Іерарх нагадаў, што папа Францішак запрасіў усіх быць захавальнікамі навакольнага асяроддзя і абаронцамі бедных. Кардынал-прэфект прывёў дадзеныя ФАО, паводле якіх штогод каля адной траціны вырабленага харчавання губляецца або марнуецца, і зноў узгадаў Папу, які называе такога роду рэчы прыкметамі «глабалізацыі абыякавасці». Для многіх людзей, гэта не тэма для абмеркавання, а рэальнасць, у якой яны, на жаль, жывуць.

«Мы павінны развіваць і падтрымліваць Зямлю, якая, у сваю чаргу, сілкуе і падтрымлівае жыццё чалавека», — сказаў іерарх і заклікаў да «экалагічнай справядлівасці», паколькі багацці планеты не прызначаны выключна для некаторых — яны належаць усім. «Мы атрымалі зямлю, як сад, гора нам, калі мы пакінем яго пустыняй», — падкрэсліў кардынал Тарксан.

На думку іерарха, нічога не атрымаецца без змены сэрца і палітычных правіл. Без гэтай этычнай базы чалавецтву не хопіць смеласці прапанаваць лепшую палітыку, падкрэсліў прэфект Дыкастэрыі. Індывідуалізм не дазволіць рэалізаваць устойлівага развіцця, з ім ніколі не будзе справядлівасці і адказнасці. «Грамадзяне багатых краін маюць асаблівы абавязак дапамагаць сваім братам у змякчэнні наступстваў змены клімату», — лічыць кардынал.

Касцёл не з’яўляецца экспертам у галіне навукі і тэхнікі, але ён шмат разумее ў тым, што датычыць чалавецтва, чытае знакі часу ў ключавыя моманты гісторыі. І калі папа Францішак заяўляе, што свет стаіць перад катастрофай, то робiць гэта не для таго, каб напалохаць — ён проста інтэрпрэтуе знакі часу. Так падсумаваў свае словы прэфект Дыкастэрыі па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.