Ватыкан супраць лібералізацыі наркотыкаў |
Рымская курыя |
28.06.2017 15:40 |
Апостальская Сталіца выказала рашучы супраціў лібералізацыі гандлю наркотыкамі, у тым ліку марыхуанай. На гэта ўказаў прэфект ватыканскай Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека кардынал Пітэр Тарксан.
Кардынал нагадаў пра негатыўныя пабочныя эфекты, наступствы для грамадства і стварэнне небяспечных прыкладаў паводзін, у якіх самае важнае — неадкладнае задавальненне жаданняў. Ватыканскі іерарх указаў таксама на сур’ёзную адказнасць устаноў, якія даюць згоду на развіццё шкодных паталогій. Прэфект ватыканскага ведамства нагадвае, што наркаманія — гэта вельмі складаная з’ява, пра што сведчаць шматлікія фактары: адсутнасць або недахоп сям’і, прыгнёт з боку грамадства, прагненне новых адчуванняў. Усё гэта паказвае, якім шырокім і разнародным павінна быць супрацьстаянне гэтай з’яве. «Ключавым элементам павінна быць адукацыя, суправаджэнне маладых, каб яны маглі рэалізоўваць свае мары і выкарыстоўваць свой патэнцыял», — адзначыў кардынал Тарксан. Адносна пытання лібералізацыі наркотыкаў прэфект выказаўся з нагоды Сусветнага дня барацьбы з наркаманіяй і нелегальным гандлем наркотыкамі, які адзначаўся 26 чэрвеня. (каі/vgr) |