Кардынал Амата пра мучанікаў часоў камунізму: паміралі без зброі і спакойна |
Рымская курыя |
10.03.2017 10:36 |
Прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі прыняў удзел у прэзентацыі кнігі «Сведкі веры. Асабісты і калектыўны досвед католікаў у Цэнтральнаўсходняй Еўропе пад камуністычнымі рэжымамі». Яе аўтар — выкладчык Папскага грыгарыянскага ўніверсітэта, кс. Ян Мікрут. У кнізе апісваецца пераслед Каталіцкага Касцёла ў краінах былога сацыялістычнага лагера, а таксама мужнае і часта гераічнае сведчанне католікаў гэтага рэгіёну. Пра мучанікаў савецкага рэжыму гаворка пойдзе ў асобным, другім томе кнігі: «Каталіцкі Касцёл ў Савецкім Саюзе. Ад рэвалюцыі 1917 года да перабудовы». Яе выданне будзе прымеркавана да 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, паведаміў аўтар. Кардынал Анджэла Амата лічыць, што тэма мучаніцтва не з’яўляецца анахранізмам, бо кожны год у свеце каля сотні тысяч хрысціян забіваюць па прычыне іх веры. Менавіта мучанікі былі першымі святымі хрысціянства, і сёння вернікі таксама пакліканы да сведчання, часам найвышэйшага, сваім жыццём, заўважыў ватыканскі іерарх. Прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі падкрэсліў, што Касцёл не забывае пра сваіх адважных сыноў і ў пацвярджэнне гэтаму прывёў прыклады шматлікіх сведкаў веры эпохі камунізму ў Еўропе, якія былі ўзнесены да хвалы алтароў на працягу апошніх гадоў. |