Кардынал-прэфект: у Ватыкане будзе працаваць больш свецкіх |
Рымская курыя |
10.05.2017 08:45 |
У будучыні ў ватыканскіх установах павінна быць больш свецкіх, асабліва ў тых, якія займаюцца справамі свецкіх. Аб гэтым сказаў прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, кардынал Кэвін Джозэф Фарэл у інтэрв’ю агенцтву CNA. Упершыню ватыканскае права ў канстытуцыі дыкастэрыі абавязвае да таго, каб падсакратарамі былі свецкія, і дае магчымасць рабіць іх сакратарамі, нагадаў іерарх з ЗША. Іерарх адзначыў, што зараз яго каманда шукае адпаведны персанал для выканання задач установы, якая была створана ў верасні 2016 г. у выніку зліцця трох дыкастэрый. Прэфект выказаў надзею, што ў кастрычніку адбудуцца прызначэнні на асноўныя пасады. Рашэнне Францішка спалучыць установы, якія займаліся сям’ёй, свецкімі вернікамі і абаронай жыцця, у адну дыкастэрыю прэфект новага ватыканскага органа назваў «цалкам лагічным», бо пераважная большасць католікаў жывуць у сужэнстве і сям’і. Кардынал Фарэл паведаміў таксама, што яго дыкастэрыя адказвае за арганізацыю Сусветнай сустрэчы сем’яў у 2018 г. у Дубліне, Сінода Біскупаў на тэму моладзі ў 2018 г. і Сусветных дзён моладзі ў 2019 г. у Панаме. У кантэксце апошніх дзвюх сустрэч моладзь з усяго свету павінна выказацца і прыняць шырокі ўдзел. «Мы ўжо ведаем, што кажуць біскупы і святары. Цяпер мы хочам ведаць, што скажуць маладыя людзі», — падкрэсліў кардынал-прэфект. Як было абвешчана раней, Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця ў сярэдзіне ці ў канцы мая змесціць у інтэрнэце спецыяльную анкету для моладзі. Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё |