Пры аддзелe навучання і выхавання Гродзенскай курыі адбыўся катэхетычны семінар |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
|
19.02.2013 00:55 |
16–18 лютага пры аддзелe навучання і выхавання Гродзенскай курыі адбыўся катэхетычны семінар, спалучаны з разважаннем над Божым словам і аднаўленнем святых сакрамэнтаў. У занятках удзельнічалі святары, сёстры законныя, свецкія катэхеты і студэнты катэхетычных курсаў пры аддзелe выхавання і навучання — агульнай колькасцю каля 150 чалавек.
Семінар праводзілі прадстаўнікі Школы новай евангелізацыі з Торуня (Польшча).
Цэнтральнай падзеяй падчас усіх дзён заняткаў была супольная Эўхарыстыя. 17 лютага яе ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які падзякаваў катэхетам за ахвярную працу ў справе евангелізацыі і падкрэсліў важнасць катэхезы ў наш час. Удзельнікі сустрэчы падчас Імшы аднавілі сакрамэнт хросту і канфірмацыі. У праграме прысутнічалі таксама адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, малітва Літургіі гадзінаў, разважанне над Божым словам.
Акрамя заняткаў і актывізуючых метадаў, семінар уключаў канферэнцыі, у якіх падкрэслівалася важнасць адкрыцця на Божае слова і аддання сябе Хрысту — бо катэхет павінен сам найперш добра пазнаць Езуса, а ўжо потым дзяліцца Ім з іншымі.
Як паведаміў Сatholic.by а. др Андрэй Шчупал CSsR, дырэктар аддзела навучання і выхавання Гродзенскай курыі, мэтай семінару было «навучыць катэхетаў таму, каб, кажучы пра веру дзецям і моладзі, яны рабілі гэта лёгкай і зразумелай мовай, каб Божае слова дасягала ўсіх сэрцаў без выключэння». Кс. Юрый Марціновіч (AG)
|
Фотарэпартаж |