Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Крыжовы шлях вуліцамі Гродна: пакутны шлях мае свой працяг у жыцці чалавека
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
25.03.2013 16:04

Нягледзячы на мароз, шматлікія жыхары Гродна, пераважна моладзь, прынялі ўдзел у набажэнстве Крыжовага шляху, якое па традыцыі прайшло вуліцамі горада вечарам 23 сакавіка, напярэдадні Пальмовай нядзелі.

У гэты дзень удзельнікі набажэнства сустрэліся на Эўхарыстыі ў катэдральнай базыліцы Гродна, дзе святую Імшу ўзначаліў кс. Ян Кучынскі, пробашч парафіі. У гаміліі душпастыр моладзі кс. Антоні Грэмза, падзякаваўшы маладым людзям за іх прысутнасць у касцёле ў такое неспрыяльнае надвор’е, заўважыў, што «даванне сведчання з’яўляецца заданнем хрысціяніна». Святар дадаў, што, несучы крыж, мы дапамагаем іншаму чалавеку адкрыць Хрыста: «Калі мы хочам быць хрысціянамі, мы павінны дапамагаць іншым». Нясенне крыжа супольна з іншымі, як падкрэсліў кс. Грэмза, «вызваляе добрыя прагненні ў чалавеку: дабро, любоў, ветлівасць, зычлівасць, праўду…»

Сёлета Крыжовы шлях распачаўся ля катэдры і, ідучы праз Савецкую плошчу, накіраваўся на пабернардынскі ўзгорак. Менавіта там, у касцёле Адшукання Святога Крыжа, адбылося заканчэнне набажэнства і рассыланне народа, каб па вяртанні ў свае дамы даваў добрае сведчанне сваёй веры.

Разважанні Крыжовага шляху і музычнае суправаджэнне падрыхтавала моладзь з парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Гродне на чале з кс. Янам Раманоўскім.

«На пачатку гэтага Крыжовага шляху Езус хоча запытаць кожнага з нас: навошта ты сюды прыйшоў ці прыйшла? Што хочаш атрымаць ад удзелу ў разважанні мукі Езуса Хрыста? Ці сапраўды хочаш даць сведчанне таго, што крыж для цябе — гэта не звычайнае дрэва, а сапраўды знак надзеі і збаўлення? Ці сапраўды хочаш пайсці за гэтым крыжам і не саромецца таго, што некаторыя будуць смяяцца з цябе і паказваць пальцам?» — такімі словамі распачалося набажэнства.

Падчас набажэнства крыж несла моладзь розных парафій. Да крыжа наблізілася і група студэнтаў з Нігерыі, якія таксама пажадалі несці яго, каб такім чынам скласці ахвяру Хрысту.

Крыжовы шлях мае працяг у нашым штодзённым жыцці, сярод крыжоў, якія Езус ставіць на нашай дарозе. Гэта Езус хоча, каб на гэтай дарозе заўсёды былі маці, якія спачуваюць, Сымоны Кірынэйцы, а перш за ўсё святыя Веранікі, якія выціралі б крывавы пот з твару сучаснага чалавека.

У той вечар Крыжовы шлях стаў сапраўдным сведчаннем маладых католікаў. Яны прасілі Хрыста, каб заставаўся з імі паўсюль, дзе ёсць боль, цярпенне ці няўдача, якія чыняць так, што жыццёвая дарога чалавека становіцца крыжовым шляхам. Моладзь, разважаючы стацыі Крыжовага шляху, нанава пазнавала кошт свайго збаўлення, дзякавала і адначасова чэрпала надзею, што, ідучы з Хрыстом, за Хрыстом, дасягне мэты.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме