Інсцэніраваны Крыжовы шлях быў праведзены ў Мінску 27 сакавіка — у Вялікую сераду. Набажэнства праходзіла перад касцёлам Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы. Пасля адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Таленавітая гульня акцёраў і разважанні падчас Крыжовага шляху стваралі глыбокі малітоўны настрой, дапамагалі задумацца над апошнімі момантамі зямнога жыцця Хрыста. «Не асуджайце! Бо толькі Бог пранікае і ведае чалавека. Бо кожнае асуджэнне брата — гэта пыхлівасць. А чалавечая ганарыстасць такая вялікая, што чалавек нават кінуўся асуджаць Бога», — гучала ў разважаннях падчас стацый.
«Вераніка прабілася праз натоўп, каб абцерці Твой Боскі твар… Яна была мужная. Езу, дай і нам мужнасці, каб мы маглі змываць жыццёвыя цяжкасці і пот, вяртаць чалавеку сапраўднае Божае падабенства. Учыні, Пане, каб мы дапамагалі адно аднаму ўваскрасаць з граху, з ізаляцыі, з абыякавасці. Каб кожны з нас меў, дзеля чаго, дзеля каго і сярод каго жыць», — гэтыя словы вучылі любові і служэнню іншым.
«Як часта падчас выпрабаванняў мы думаем пра тое, што засталіся адны, што Бог забыў пра нас, пакінуў. Сын Божы ўсім сабою, сваім жыццём і сваёю смерцю, а потым сваім уваскрасеннем з памерлых кажа нам, што мы павінны давяраць Богу», — гаварылася падчас набажэнства.
Літургія, якая прайшла пасля Крыжовага шляху, стала своеасаблівым працягам разважання над мукамі Збаўцы і над здрадай Юды Іскарыёта Езусу, пра што распавядае евангельскае чытанне на гэты дзень. У гаміліі падчас Імшы Мітрапаліт адзначыў, што Вялікая серада — апошні дзень перад Пасхальным Трыдуумам, і інсцэніраваны Крыжовы шлях вельмі добра ўвёў вернікаў у гэты Трыдуум. «У некаторых краінах свету ў памяць аб тым, што менавіта ў Вялікую сераду Юда тайна задумаў выдаць Езуса на смерць, гэты дзень называецца днём шпіёна серады. Там дзеці цягаюць фігуру Юды па вуліцах і б’юць яго палкамі, — дадаў іерарх. — На самой справе мы вельмі часта падобныя да Юды, хаця і не хочам гэтага прызнаць».
«Мы хочам следаваць за Езусам, таксама як Юда хацеў. Мы думаем, што ідзём за Ім, калі на самой справе мы ідзём не за такім, якім Ён ёсць, але за такім, якога мы сабе ўяўляем, гэта азначае такім, які міласэрны і дапускае змену Божага закону паводле абставін жыцця, — патлумачыў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Мы думаем, што наша жыццё з’яўляецца прадчуваннем Божага Валадарства, калі на самой справе жывём прапановамі секулярнага свету. Таму індывідуальна і разам мы здраджваем Хрысту».
«Перад надыходзячым Пасхальным Трыдуумам спытаемся ў сябе: кім мы з’яўляемся? — заахвоціў іерарх удзельнікаў Імшы. — Ці не падобныя да Юды? Пётр таксама здрадзіў Езусу, але шкадаваў за гэта і сёння цешыцца хвалой святога. Юда ж не знайшоў у сабе сіл шкадаваць і на Божую любоў адказаць сваёй любоўю».
«Усе мы грашым, бо наша скажоная першародным грахом прырода схіляе нас да граху. Таму зграшыць — гэта чалавечая справа. Але заставацца ў граху — гэта ўжо д’ябальская справа. Дадзім сёння адказ, хто мы: закаранелыя ў сваім граху Юды — шпіёны Вялікай серады — ці Пятры, якія просяць прабачэння і выказваюць любоў да Бога», — заклікаў прысутных Мітрапаліт. Поўны тэкст гаміліі>>>
(AG)
|