Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Крыжовы шлях з удзелам Папы ў Калізеі: малітва за Блізкі Усход і за ўвесь свет
Святы Айцец
30.03.2013 12:02

Крыжовы шлях з удзелам Святога Айца Францішка адбыўся 29 сакавіка, у Вялікую пятніцу, у рымскім Калізеі. Разважанні да набажэнства падрыхтавала ліванская моладзь пад кіраўніцтвам мараніцкага Патрыярха Антыёхіі Бехары Раі.

Пантыфік у сваёй прамове адзначыў, што слова крыжа — «адказ хрысціян на зло, якое надалей дзеецца ў нас і вакол нас», і заахвоціў працягваць «гэты Крыжовы шлях кожны дзень», «чакаючы Уваскрасення Езуса, які нас так моцна любіць».

Той факт, што разважанні да набажэнства падрыхтавалі ліванскія вернікі, павінен быў стаць заклікам да ўсяго Касцёла памятаць у малітве пра Блізкі Усход, яго праблемы і мясцовыя хрысціянскія супольнасці.

Падчас першай стацыі Крыжовага шляху гаварылася аб тым, што ў сучасным свеце ёсць шмат «Пілатаў», якія выкарыстоўваюць свой аўтарытэт дзеля несправядлівасці. «Пане Езу, не дазволь, каб несправядлівасць вяла нявінных да роспачы і смерці», — гучала ў разважаннях.

Падчас другой стацыі гучала: «Пане Езу, які пакарыўся і атаясаміўся са слабымі, Табе давяраем усіх людзей і ўсе народы, пакораныя і церпячыя, асабліва на змучаным Усходзе. Няхай у Табе яны маюць сілы несці разам з Табой свой крыж надзеі».

Падчас трэцяй стацыі маліліся аб тым, каб Езус дапамог сучасным людзям падняцца, калі яны падаюць, прывёў іх да сваёй Праўды, каб чалавечы розум не задавольваўся частковымі праўдамі.

«Учыні, Пане, каб у гэтыя цяжкія часы нашы семі былі месцам Тваёй прысутнасці, дзе нашы цярпенні перамяніліся б у радасць, — гучала падчас чацвёртай стацыі, дзе Езус сустракае сваю Маці. — Будзь падтрымкай для нашых сем’яў і ўчыні іх аазісамі любові, міру і духоўнай згоды».

«Пане, прагнем быць Тваімі вучнямі, каб несці Твой крыж кожны дзень; панясем яго з радасцю і надзеяй, бо Ты нясеш яго з намі», — казалі вернікі падчас пятай стацыі.

«Пане, учыні, каб Мы знайшлі Цябе ва ўбогіх, Тваіх найменшых братах, каб асушыць слёзы плачучым, клапаціцца аб церпячых і падтрымаць слабых», — гаварылася падчас шостай стацыі, дзе Вераніка ацірае твар Езусу.

«Асвяці наша сумленне, каб мы ўбачылі, што якісьці промень праўды асвятляе ўсіх людзей, пакліканых, каб крочыць разам — у шанаванні рэлігійнай свабоды — да праўды, якая ў самім Богу», — гучала падчас сёмай стацыі.

Пра лёс жанчын, параненых у сваёй годнасці, зняволеных праз розныя формы дыскрымінацыі, разважалася падчас восьмай стацыі, дзе Езус бачыць плачучых ерузалемскіх жанчын.

«Удзялі, Пане, мудрасць і пакору, каб устаць і ісці наперад па шляху еднасці ў праўдзе і любові», — казалі падчас дзявятай стацыі.

Лёс Усходніх Касцёлаў, аголеных праз розныя цяжкасці і пераслед, гаварылася падчас дзясятай стацыі, калі з Езуса зрываюць адзенне. Падчас яе прасілі Бога аб адвазе, каб хрысціяне засталіся ў сваіх родных краінах і абвяшчалі там Добрую Навіну.

За зняволенне чалавека грахом перапрашалі Бога падчас адзінаццатай стацыі, калі Езуса прыбіваюць да крыжа. Асабліва маліліся за тых, хто агорнуты роспаччу, наркатычнай залежнасцю, трапіў у секту.

Падчас дванаццатай стацыі, калі Хрыстус памірае на крыжы, гаварылі пра ўсе замахі на святасць чалавечага жыцця, маліліся аб тым, «каб усе, хто прапагандуе аборты, усвядомілі, што любоў не можа быць нічым іншым, як крыніцай жыцця».

У разважаннях трынаццатай стацыі падкрэсліваўся драматычны лёс хрысціян і ўсіх жыхароў Блізкага Усходу. Маліліся аб тым, каб «тыя, хто вымушаны эмігрыраваць, маглі як найхутчэй вярнуцца ў свае дамы, каб кроў нявінных ахвяр была зернем новага Усходу, больш братэрскага, мірнага і справядлівага».

«Просім Цябе за ўсіх, хто шукае сэнсу жыцця, і за тых, якія страцілі надзею, каб паверылі ў перамогу над грахом і смерцю», — гучала падчас апошняй стацыі, калі Езуса кладуць у грабніцу.

На заканчэнне Крыжовага шляху прагучаў спеў ліванскага хору.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме