Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа і Прэзідэнт Лівана абмеркавалі сітуацыю ў рэгіёне і сірыйскі канфлікт
Святы Айцец
03.05.2013 15:09

3 мая папа Францішак прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Лівана Мішэля Сулеймана. Палітык сустрэўся таксама з Дзяржсакратаром кардыналам Тарчызіо Бэртонэ, у суправаджэнні сакратара па адносінах з дзяржавамі арцыбіскупа Дамініка Мамбэрці. Асаблівая ўвага была звернута на сітуацыю ў рэгіёне, у прыватнасці на канфлікт у Сірыі.

Як інфармуе Ватыканскае радыё, падчас размовы абмяркоўвалася сітуацыя ў краіне, падкрэслівалася важнасць дыялога і супрацоўніцтва паміж членамі розных этнічных і рэлігійных супольнасцяў. У паведамленні Прэс-службы Апостальскай Сталіцы гаворыцца, што папа Францішак выказаў найлепшыя пажаданні ў сувязі з фарміраваннем новага ўраду, якому будзе наканавана «адказаць на важныя выклікі на нацыянальным і міжнародным узроўнях».

Суразмоўцы выказалі заклапочанасць лёсам вялікай колькасці сірыйскіх бежанцаў, якія шукаюць прытулку ў Ліване і суседніх краінах, а таксама ўсяго насельніцтва Сірыі, якая на працягу амаль двух гадоў пакутуе ад насілля і войнаў. Папа і Прэзідэнт Лівана пагадзіліся ў неабходнасці павелічэння гуманітарнай дапамогі насельніцтву гэтай краіны і падтрымкі міжнароднай супольнасці.

Акрамя сірыйскай праблемы, у цэнтры ўвагі былі адносіны паміж ізраільцянамі і палесцінцамі. Было выказана пажаданне аднаўлення перамоваў паміж гэтымі народамі дзеля дасягнення міру і стабільнасці ва ўсім рэгіёне.

Таксама папа Францішак і Мішэль Сулейман закранулі сітуацыю хрысціян на ўсім Блізкім Усходзе. Падкрэслівалася важнасць накірункаў, вызначаных Бэнэдыктам XVI у Апостальскай адгартацыі «Касцёл на Блізкім Усходзе», падпісанай у Ліване падчас падарожжа Пантыфіка ў гэтую краіну восенню 2012 г.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме