«Гэтай ноччу павінна застацца адно слова, якім ёсць сам крыж. Крыж Езуса — гэта слова, якім Бог адказаў на зло свету», — сказаў папа Францішак падчас набажэнства Крыжовага шляху ў рымскім Калізеі ў Вялікую пятніцу, 29 сакавіка.
Святы Айцец падзякаваў усім удзельнікам набажэнства, а таксама тым, хто глядзеў яго па тэлебачанні, асабліва хворым і пажылым людзям.
«Часамі нам здаецца, што Бог не адказвае на зло, што Ён маўчыць, — адзначыў Пантыфік. — Але ж на самой справе Бог прамовіў, адказаў, і Яго адказ — крыж Хрыста: слова, якое ёсць любоўю, міласэрнасцю, прабачэннем. Калі я прымаю Яго любоў, я збаўлены, калі адвяргаю яе — асуджаны, але не Ім, а самім сабой, бо Бог не асуджае».
«Слова Крыжа — гэта і адказ хрысціян на зло, якое надалей дзеецца ў нас і вакол нас, — працягваў Папа. — Хрысціяне на зло павінны адказваць дабром, беручы на сябе крыж, як Езус».
Пантыфік падзякаваў вернікам з Лівана за разважанні да гэтага Крыжовага шляху і за іх сведчанне. «Мы бачылі гэтае сведчанне, калі папа Бэнэдыкт наведаў Ліван, бачылі прыгажосць і моц супольнасці хрысціян на гэтай зямлі», — сказаў Святы Айцец.
«Будзем працягваць Крыжовы шлях кожны дзень. Будзем разам ісці дарогай крыжа, несучы ў сэрцы гэтае слова любові і прабачэння», — заахвоціў вернікаў Папа. (AG)
|