27 сакавіка на плошчы Св. Пятра адбылася першая агульная аўдыенцыя з папам Францішкам. Вітаючы сабраных, Пантыфік адзначыў, што «пераймае эстафету» ў свайго «ўлюбёнага папярэдніка» і пасля Вялікадня працягне цыкл катэхез, прысвечаных Году веры, які пачаў Бэнэдыкт XVI. Сёння Папа паразважаў пра Вялікі тыдзень.
Святы Айцец падкрэсліў, што гэты перыяд з’яўляецца «цэнтрам усяго літургічнага года, калі мы суправаджаем Езуса ў яго муцы, смерці і ўваскрасенні». «Але што для нас азначае перажыванне Вялікага тыдня? Што значыць наследаваць Езуса ў Яго шляху на Кальварыю, да крыжа і ўваскрасення?» — спытаўся Папа і дадаў, што на працягу Вялікага тыдня вернікі перажываюць кульмінацыю «плану любові, які прасяквае ўсю гісторыю адносін паміж Богам і чалавецтвам». «Сын Божы дорыць сябе нам, перадае ў нашы рукі сваё Цела і Кроў, каб быць заўсёды з намі, жыць сярод нас. У Аліўным садзе, як і падчас працэсу перад Пілатам, Ён не супраціўляўся, але дарыў сябе», — сказаў Пантыфік, якога цытуе Ватыканскае радыё.
Па словах Папы, Езус перажываў любоў, якая вяла да ахвяры, не пасіўна ці ў якасці «фатальнага лёсу» — «канешне, Ён не хаваў свайго глыбокага чалавечага хвалявання перад абліччам гвалтоўнай смерці, але цалкам давяраў Айцу».
«Што значыць усё гэта для нас? — працягваў Пантыфік. — Значыць, што гэта мой, твой, наш шлях. Пражыць Вялікі тыдзень, наследуючы Езуса не толькі ў сардэчных эмоцыях, азначае выйсці за рамкі самога сябе (...), ісці насустрач іншым, у накірунку перыферый існавання, першымі звярнуцца да нашых братоў і сясцёр, асабліва самых далёкіх, забытых, якія маюць патрэбу ў разуменні, суцяшэнні, дапамозе. Існуе вялікая патрэба ў жывой прысутнасці Езуса міласэрнага і багатага любоўю».
Папа Францішак падкрэсліў, што жыць Святым тыднем азначае «ўсё больш уваходзіць у логіку Бога, логіку крыжа, якая ў першую чаргу не з’яўляецца логікай болю і смерці, але любові і дару самога сябе, што прыносіць жыццё».
«Уваход у логіку Евангелля, наследаванне, суправаджэнне Хрыста, прабыванне з Ім, патрабуе „выйсця” з нашага асяроддзя, са стомленага і прывычнага перажывання веры, спакусаў закрытасці ва ўласных схемах, што прыводзяць да закрыцця гарызонту творчай дзейнасці Бога. Таксама і мы, калі хочам наследаваць Яго і заставацца з Ім, не павінны задавальняцца прабываннем за агароджай разам з 99 авечкамі, але „выйсці”, шукаць разам з Ім згубленую авечку, самую далёкую», — сказаў Папа.
Перад абліччам такога задання, дадаў Пантыфік, хтосьці можа сказаць: «не маю часу», «павінен шмат чаго зрабіць», «гэта складана». Часта «мы задавальняемся якойсьці малітвай, непастаяннай і няўважлівай прысутнасцю на нядзельнай святой Імшы, якімсьці жэстам міласэрнасці, але не маем адвагі „выйсці”, каб несці Хрыста».
Папа нагадаў аб прыкладзе св. Пятра, які, пачуўшы ад Хрыста пра муку, смерць і ўваскрасенне, дар самога сябе і любоў да ўсіх, пачаў адгаворваць Збаўцу. «Тое, што казаў Езус, нішчыла яго планы, здавалася непрымальным, ставіла пад пагрозу бяспеку, якую ён збудаваў, яго ідэю аб Месіі. Тады Езус паглядзеў на вучняў і скіраваў да Пятра адно з самых жорсткіх словаў у Евангеллях: „Адыдзі ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае”», — нагадаў Святы Айцец.
Папа звярнуў увагу, што Вялікі тыдзень — час ласкі, якую Пан дае нам, каб адкрыць дзверы нашага сэрца, нашага жыцця, парафій, рухаў, асацыяцый, і «выйсці» насустрач іншым, стаць блізкімі да іх і несці святло і радасць веры.
(AG)
|