Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Барацьба, зыход якой вырашыў усё
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян
28.03.2013 10:26

Благаслаўлёныя пакуты, мукі і цярпенні цела. Благаслаўлёныя ўсе страты, нявернасць сяброў і ахвяры любові. Благаслаўлёныя нежыццяздольнасць і крушэнні ўсіх зямных надзей. Тройчы благаслаўлёныя сум, мукі, цяжкасці і нягоды жыцця, якія патрабуюць ад чалавека смеласці і мужнасці, таму што яны робяць чалавека.

«Абба, Ойча!» — такі пяшчотны, поўны даверу зварот да Бога, як ні парадаксальна, нарадзіўся ў Гетсіманіі — у горне выпрабавання. Менавіта такое аблічча Бога адкрыў нам Езус, калі перажываў смяротны сум. У Гетсіманіі Езус кажа вучням: «Душа мая сумуе смяротна». Складана знаходзіцца побач з пакутуючым чалавекам, не ведаеш, пра што казаць і як яму дапамагчы. Гетсіманія — гэта месца паражэння не толькі Дванаццаці, гэта месца спакушэння кожнага чалавека. Як Бог мог дапусціць такое? Чаму Ён не абараніў свайго Сына? На працягу стагоддзяў падобныя пытанні нараджаліся ў глыбінях чалавечай душы. Чаму Бог дапусціў Асвенцым? ГУЛАГ? Катынь? Генацыд? Антысемітызм? Фашызм? Нацызм? Расізм? Тэрарызм? Адкуль столькі болю, нянавісці, злосці і пакутаў? У Гетсіманіі Езус не толькі знайшоў адказы на гэтыя пытанні, але Ён пайшоў яшчэ далей — Ён знайшоў жыццё ў смерці. Езус адкрыў нам у Гетсіманіі, што Бог — наш Абба, так даверліва і шчыра звярталася малое дзіця да свайго бацькі. Бог не вінаваты ў грахах супраць чалавечнасці, хоць і бярэ на сябе адказнасць за ўчыненае намі зло. Мы з вамі чагосьці не бачым? Штосьці не да канца разумеем? А спытаць Езуса баімся. Баімся барацьбы, перамен і той мужнасці, якую нам неабходна праяўляць штодзённа, каб, жывучы годна, быць гатовымі да сваёй Пасхі — да пераходу са смерці ў Жыццё. Як прыняць тое, што немагчыма зразумець? Усё, як звычайна, упіраецца ў веру, і ўсё ў даверы да Бога. Нашы пытанні — «Чаму?», «За што?», «Навошта?», «Каму гэта трэба?», звернутыя да Бога, — гэта пытанні веры, а не пошуку сэнсу. На працягу дваццаці стагоддзяў Касцёл тлумачыць вернікам сэнс хрысціянскага цярпення і смерці, але калі цярпенне і боль дакранаюцца непасрэдна да нас або нашых блізкіх, мы баімся. Бо ўся справа не ў веданні, а ў даверы… Нам хацелася б з вуснаў Божых пачуць: «Усё, што адбываецца з табой, — гэта не выпадковасць, і ўсе колы пекла, праз якія ты праходзіш, — усё гэта не дарма». Ці верыш ты ў гэта? Ад тваёй веры залежыць, як ты перажывеш цярпенне, што яно з табой зробіць: ачысціць або зруйнуе цябе, не пакінуўшы каменя на камені…

У Гетсіманіі была давільня маслін, дзе з аліўкавых костачак выціскалі алей. Часам нам здаецца, што Божая воля — як давільня для нас. З нашага цвёрдага, каменнага сэрца, здавалася б, няздольнага на любоў, міласэрнасць і чуласць, Пан «выціскае» шчырасць, дабрыню і спачуванне. Мы нават уявіць сабе не можам, на што мы здольныя. Нехта свядома панізіў нашу самаацэнку, а сучаснае грамадства здзяйсняе падмену каштоўнасцяў. Мы памыляемся, думаючы, што знешняе, матэрыяльнае, бачнае, адчувальнае і дасягнутае здольна павысіць нашу самаацэнку. Таму мы працуем на «экспарт», галоўнае — «таварны выгляд», і даражэй бы сябе «прадаць». Але ў пэўны момант нашага жыцця нехта здрадніцкай рукой саштурхвае нас з «дасягнутых вышыняў». Наш сэнс — унутры нас, як і ва ўсім акаляючым нас свеце; дзякуючы знешняму мы можам праявіць тое, што ўнутры нас. А што ўнутры нас?

Відавочней за ўсё кажа аб схаваным пакута. Яна неміласэрна агаляе нашу пустату і бяссілле. У горне выпрабавання мы адкрываем жыццё ў яго самых змрочных і страшных аспектах і людзей — з іх найгоршага боку. Як мы тады звяртаемся да Бога? Езус прапануе апосталам шлях малітвы, у спакушэнні — маліцца з яшчэ большым намаганнем. У малітве чалавек схіляе калені перад Богам, каб быць здольным стаяць прама перад людзьмі. У малітве чалавек імкнецца на нябёсы, каб быць здольным адкрыта стаць на бітву жыцця. У малітве чалавек схіляе калені перад Богам, каб сумець «аддаць сябе ў чалавечыя рукі».

Ззаду — жахлівае расчараванне, а наперадзе — смяротныя мукі. Адзінота. Дзе верныя памочнікі? Дзе суцяшальнікі? Нават смяротны змрок не змог схаваць перад Езусам аблічча Айца. Калі мы можам назваць Бога Айцом, мы можам вынесці ўсё. Часам мы нават не можам зразумець таго, што адбываецца, але можам заўсёды быць упэўнены ў тым, што «рука Айца ніколі не прымусіць дзіця праліць дарма слязу». І менавіта ў гэтым быў упэўнены Езус, і менавіта таму Ён мог ісці далей; і мы павінны рабіць так жа. Звярніце ўвагу на тое, чым заканчваецца ўрывак: наблізіўся здраднік і яго зграя. Як рэагаваў на гэта Езус? Не. Ён не збег, хаця нават зараз, ноччу, было б нескладана схавацца. Езус вырашыў сустрэць іх тварам у твар. Да самага канца Езус не збочваў са шляху. «Устаньце, — сказаў Езус, — хадзем: вось, наблізіўся той, хто здраджвае Мне». Сустрэнем Жыццё ў яго самых змрочных і страшных аспектах і людзей — з іх найгоршага боку…

С. Нунэ Цітаян MSF

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.