Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«…Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго»: разважанні пра першую запаведзь
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян
10.02.2015 09:59

Чаму мы, якія верым у Адзінага Бога, можам «лячыцца» у бабулі-шаптухі, глядзець «бітву экстрасенсаў», забаўляцца гараскопамі, мець талісманчыкі кшталту жукоў-скарабеяў? Чаму мы да гэтай пары «носімся» з падковамі і стукаем па галаве, калі побач няма дрэва?

«…Без Мяне нічога не можаце зрабіць» (Ян 15, 5)

Свет вабіць нас, выпрабоўваючы нашу веру ў Адзінага Бога. Сучасны плюралізм думак даводзіць наша грамадства да абсурду і роспачы. Шмат чаго, што было відавочным для нашага пакалення, выклікае сумненні і спрэчкі ў сучаснікаў. Я не ацэньваю, добра гэта ці дрэнна.

Цікавы сам шлях, які павінна пераадолець наша грамадства, каб захаваць простыя прынцыпы чалавечнасці і салідарнасці.

Якім мы ўяўляем Бога?

Нядаўна ў нашым касцёле мы з шасцігадовымі дзецьмі падрыхтавалі сцэнку, у якой неабходна было намаляваць партрэт Бога.

Кожнае дзіця намалявала Бога такім, якім Яго ўяўляла. Міша намаляваў Бога з вялікімі вачыма, таму што Ён бачыць усіх. Яна намалявала Бога з вялікімі рукамі і з вялікім заплечнікам, таму што людзі вечна просяць многага ў Бога, а Ён спяшаецца ім на дапамогу і раздае падарункі.


Маша намалявала Бога, як доктара — у белым халаце, бо Ён пастаянна вылечвае ад хваробаў. Насця намалявала Бога грозным сівым дзядулем, які сядзіць у небе на троне з сівой, як дым, барадой. Злосна пазірае на людзей, для яе Ён – Грозны Бог, Ён – Цар цароў.

А вось Ванюшка не намаляваў партрэт Бога і на пытанне «чаму?» адказаў, што не можа ён змясціць на паперы ўсю Божую веліч; ён толькі можа, задыхаючыся ад захаплення, думаць пра прыгажосць і Божую славу. У канцы сцэнкі мы звярнуліся да нашых дарослых парафіянаў: «А як бы вы намалявалі партрэт Бога?..»

Сапраўды, Бог, у якога я веру, — які Ён? Чалавек становіцца падобны да боства, якому пакланяецца.

Сёння варта было б задацца пытаннем: Бог, у якога я веру, — хто Ён? Першы Божы запавет кажа: «Я Пан Бог твой: не будзе ў цябе іншых багоў, апроч Мяне». Бог хоча, каб мы Яго палюбілі ўсім сэрцам, усёй душою і ўсім сваім розумам, і з усёй сілы сваёй.

Слова «ўсё» ўтрымлівае ў сабе нейкую прыцягальную для нас сілу, асабліва калі гэта датычыць сферы валодання, — яно заключае ў сабе насычэнне, дастатак і выкананне. З іншага боку, калі слова «ўсё» адносіцца да нас, тады гэтая прапанова, просьба абуджае ў нас пачуццё трывогі.

«Не буду вымаўляць Яго Імя дарэмна»

Не хочацца нічога аддаваць, губляць без пэўных гарантый. Бог разумее нас і таму ўвайшоў з намі ў запаведзь. Яго Слова, а цяпер ужо і Яго Адзінародны Сын з’яўляюцца гарантамі запаведзі. Першая запаведзь з’яўляецца асновай, вызначальнай і вырашальнай запаведдзю. Яна — адпраўны пункт і канчатковая мэта.

Калі Пан мой Бог, тады я не буду вымаўляць Яго Імя дарэмна і буду памятаць і шанаваць дзень Пана, таму што Ён — мой Бог, а я — Яго народ. Калі Ён Бог мой, я буду шанаваць сваіх бацькоў, не буду забіваць, красці, чужаложыць, сведчыць фальшыва і жадаць нічога чужога, таму што Ён — Пан Бог мой, а я — Яго народ.

Калі мы будуем, уваходзім у пэўныя адносіны з іншымі людзьмі, мы задаёмся пытаннем: «Хто я ў гэтых стасунках?» У далейшым, у залежнасці ад адказу, мы рашаемся на працяг адносін або разрываем іх. Мне здаецца, праблема многіх маіх сучаснікаў заключаецца ў тым, што яны не могуць вызначыцца: «Хто я ў адносінах з Богам?»

 

Тэхнічны прагрэс, паляпшэнне матэрыяльнага дабрабыту людзей, мноства магчымасцяў, якія з’явіліся перад намі, ускружылі нам галаву. Адмаўленне гэтых адносінаў або нежаданне ўваходзіць у іх сведчаць пра нашу згубленасць. Размаўляючы з рознымі людзьмі, я ўсё больш упэўніваюся ў тым, што словы пра тое, што Бог любіць і выратоўвае чалавека, для многіх нічога не вартыя.

Мы адчайна патрабуем любові, але не хочам прызнавацца ў гэтым, нам здаецца, што гэта робіць нас слабымі. На жаль, вопыт зямной любові ў нас не заўсёды паспяховы.

Што такое сапраўдная любоў? Мне не хочацца даваць суб’ектыўнага вызначэння. Любоў трэба адчуваць, выпрабоўваць, перажываць. Я не магу перадаць адчуванні ад дотыку з мамай або пачуцці, якія ўзнікаюць ува мне пры думцы аб бацьку або іншых блізкіх майму сэрцу людзях.

Трэба ўвайсці ў стасункі, каб набыць вопыт. Для гэтага патрэбны смеласць і давер. Часцей за ўсё мы расчараваныя ў любові, і гэта накладвае свой адбітак на нашы адносіны з Богам і бліжнімі. Наша ўяўленне пра любоў або заніжанае, або завышанае; адзінае, у чым мы ўпэўнены, — гэта ў тым, чаго мы хочам для сябе. Часцей за ўсё менавіта гэта спакушае нас і ўводзіць у зман.

Але мы павінны заўсёды памятаць пра тое, што мы — слабасць Бога. У руках у кожнага з нас ёсць магутная зброя «права выбару». Мы можам яе выкарыстаць на карысць, абараняючыся ад злога, або ў шкоду сабе — аддаляючыся ад Бога. Мы бачым, да чаго давялі народы Еўропы адмаўленне і максімальная ізаляцыя ад хрысціянскіх каштоўнасцяў. Індывідуалізм прывёў да страты моцы, да духоўнай драхласці, маральнага ўпадку і ідалапаклонства.

У чым наша сіла? Зло, не названае па імені, пранікла ў грамадскую свядомасць. Размыванне межаў паміж дабром і злом стала нормай для нас. «А што ў гэтым дрэннага?» — пытаюцца мяне вучні. Адказваючы на іх пытанне, пытаюся я: «А што ў гэтым добрага?» У адказ — маўчанне…

 Дзеці заблыталіся, у якія гульні ім гуляць

Зло прасочваецца ў жыццё дзяцей праз камп’ютарныя гульні. Дзеці самі заблыталіся, у якія гульні ім гуляць, а ў якія — не. Часта мае вучні раяцца са мной, ці можна гуляць у тую ці іншую гульню.


Я — не эксперт у камп’ютарных гульнях, але элементарныя веды пра іх я знаходжу ў інтэрнэце. Апісанне многіх гульняў уражвае, я не разумею, складваецца такое ўражанне, што хтосьці сістэматычна і мэтанакіравана імкнецца фарміраваць у дзецях ненармальныя каштоўнасці. Небяспека крыецца ў тым, што дабро перамяшана са злом, і ў выніку незразумела, у чым жа сэнс перамогі.

Вось апісанне адной гульні, у якую гуляў мой вучань — 10-гадовы Максім.

Усё пачыналася вельмі нават цікава. Доблесны герой, схоплены псіхапатам-садыстам, змагаўся з ім, пасля доўга ратаваў сваіх сяброў, у рэшце рэшт забіў псіхапата. У выніку ён павінен быў пакланіцца ў святыні нейкаму боству, здзейсніць рытуальны сексуальны акт з дзяўчынай, якая ад яго зацяжарыць. Наш «герой» у рэшце рэшт павінен здзейсніць выбар — забіць выратаваных сяброў або дзяўчыну, якая ад яго цяжарная.

І нават калі ён вырашае забіць сяброў, дзяўчына ў выніку ўсё роўна забівае яго. Бязглуздзіца, проста поўная бязглуздзіца, а не гульня. Максім быў на стадыі выратавання сваіх сяброў, не ведаю, што ён выбраў — працягваць гульню ці не. Я не шукаю вінаватых. Для кагосьці гэта ўсяго толькі бізнес, для кагосьці — мэтанакіраваная дэградацыя дзяцей.

Часам мы больш сіл растрачваем на пошук вінаватых, чым на вырашэнне праблемы. Як дапамагчы дзецям? Як навучыць іх выбіраць? Калі ў дзяцей няма пачуцця Бога, няма аўтарытэта, унутранага стрыжня, арыенціра, няма пачуцця святога, пачуцця ўласнай годнасці — няма і будучыні. Яны стануць ахвярамі сучасных ідалаў.

Нядаўна я прачытала ў запісках наркамана, які цверазее, яго прызнанне: «Мне здавалася, што наркотыкі дапамогуць развіцца духоўна». Пад гэтым выказваннем могуць падпісацца многія залежныя людзі. Праблемы, крызісныя сітуацыі, расчараванне, дэпрэсія, апатыя пабуджаюць нас да разуменню таго, што мы адчайна маем патрэбу ў сваім Стварыцелю — Богу.

Наш лёс у нашых руках, але мы не павінны рашаць праблемы «па-свойму». Мы пакліканы шукаць Ісціну і пазнаваць Яе. Нам трэба адысці ад усяго, што спакушае нас і прытупляе нашу пільнасць, ад усяго, што пазбаўляе нас чалавечай годнасці.

 Немагчыма развівацца духоўна, знаходзячыся ў стане граху

Духоўная туга нарадзілася разам з намі. Мы не супакоім пакуты духу тым дасягнутым поспехам ці матэрыяльным дабрабытам, таму што «не хлебам адзіным будзе жыць чалавек». Не супакояць нас скораныя «вышыні»  — поспех і слава. Гэтага занадта мала для нас. Наша годнасць у Богу. Чаму мы пастаянна спрабуем даказваць сабе і іншым, што мы чагосьці каштуем, што мы штосьці можам без Бога?

Нас чакае расчараванне, як і нашых папярэднікаў, чый шлях мы паўтараем. Узгадайма тых, хто патануў у водах сусветнага патопу, будаўнікоў Бабілёнскай вежы, жыхароў Садомы і Гаморы…

Столькі прыкладаў, а мы думаем: а можа, пранясе. Не пранясе. Таму што наш свет, хоць і здаецца хаатычным, але ў ім дзейнічаюць простыя прычынна-выніковыя прынцыпы. Езус кажа: «Без Мяне нічога не можаце зрабіць» (Ян 15, 5). Проста, дасяжна і адназначна.

У верасні мінулага года ў Рыме прайшла сустрэча катэхетаў з усяго нашага шматлікага каталіцкага свету. Закранула мяне пытанне, якое задалі катэхетам: як удалося дванаццаці апосталам распаліць увесь свет Святлом Евангелля, а ў нас — больш за адзін мільярд хрысціянаў — не ўдаецца выклікаць цікавасць да евангельскіх каштоўнасцяў у нашых сучаснікаў?

Вы зразумейце мяне правільна, я спрабую знайсці адказ, а не асудзіць.

 

Чаму мы, якія вераць у Адзінага Бога, якія прымаюць святыя таямніцы, можам «лячыцца» у бабулі-шаптухі, глядзець «бітву экстрасенсаў», забаўляцца гараскопамі, неабачліва насіць на сабе або купляць дзецям і ўнукам адзенне з сатанісцкай, ньюэйджаўскай сімволікай, мець дома амулецікі, талісманчыкі і розную «здольную нас абагаціць» лухту (жукоў-скарабеяў, блакітных слонікаў, чарапашак на манетках, фігуркі Буды і г.д.)?.

Чаму мы да гэтай пары «носімся» з падковамі, «верым» у варажбу і ў пустое вядро для смецця? Стукаем па галаве, калі побач няма дрэва? Чаму мы лечымся гамеапатычнымі лекамі?

Вы можаце сказаць: «Сястра, ды гэта проста свавольствы ў параўнанні з грахамі свету». Можа быць, для свету і свавольствы, але для нас, хрысціян, усё гэта непрымальна, яно разбурае нас знутры. Мы не настолькі радыкальныя, як першыя хрысціяне; калі яны адышлі ад усяго д’ябальскага, то адышлі адназначна, а нам падабаецца жартаваць са злом…

«…Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго» (Мц 4,7). Нашы хрысціянскія каштоўнасці сталі доблеснай гісторыяй для нас, якой мы ганарымся, але паўтарыць якую нам «слабо». Нам здаецца, што вера — гэта частка нашага фальклору, нацыянальны набытак, добрая старая традыцыя. Калі б усё было так проста…

Страціўшы жывую веру, мы губляем сябе, сваю самабытнасць і годнасць. Не перадаючы веру, мы губляем пакаленне.

С. Нунэ Цітаян MSF

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.