Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Жыццё святое: разважанні пра пятую Запаведзь
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян
13.10.2016 13:27

Чаму небяспечна насіць адзенне з сімволікай смерці? Ці апраўданая рызыка сваім жыццём? Што рабіць з гвалтам у сям'і і як прадухіляць зло? Развагамі на гэтыя і іншыя пытанні ў сваёй калонцы дзеліцца с. Нунэ Цітаян.

Калі мы з дзецьмі размаўляем пра пятую Божую Запаведзь, яны пачынаюць звычайна расказваць розныя гісторыі пра самазабойствы, якія калісьці чулі. Дзеці не кажуць пра гэта з жахам або з асуджэннем, а часцей за ўсё самі шукаюць адказ на пытанне, чаму чалавек можа настолькі нашкодзіць самому сабе.

Прызнаюся, я сама калісьці шукала адказ на гэтае пытанне, калі сутыкнулася з падобнай тупіковай сітуацыяй у Маскве. Сястра Тэрэза, місіянерка Святой Сям’і, працавала з дзецьмі, якія спрабавалі скончыць жыццё самагубствам, а я, тады маладая дзяўчына, дапамагала ёй і не магла зразумець, як дзіця можа дабравольна рашыцца на такі ўчынак.

Паверце, я да гэтай пары не змагла знайсці рацыянальнай парады на гэта пытанне. Няма тлумачэння злу, смерці і беззаконню. Патлумачыць і зразумець зло логікай немагчыма ніяк. Дзеці хочуць распазнаць механізм, каб здолець супрацьстаяць злу, пазбегнуць трагедыі.

У даным выпадку, каб супрацьстаяць самазабойству, неабходна адкрыць каштоўнасць і ўнікалькасць жыцця, быць любімым і справядліва прызнаным, у першую чаргу — прынятым сваімі блізкімі. Усе грахі, прамым ці ўскосным чынам накіраваныя супраць жыцця, пярэчаць чалавечай годнасці. Жыццё кожнага чалавека святое і ўнікальнае. Пан Бог удыхае ў кожнага з нас дыханне жыцця, і толькі Ён Сам мае права перарваць наша зямное вандраванне. Але на гэтым жыццё не заканчваецца.

Для ўсіх людзей, незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання, жыцця з’яўляецца найвялікшым дарам і адначасова загадкай, якую разгадваем усё жыццё.

Як можна ігнараваць Творцу жыцця? Без Яго няма сэнсу, няма адпраўнога пункту і няма мэты. Неразважлівай і безвыніковай будзе спроба чалавека пражыць жыццё, не звяртаючы ўвагі на Даўцу жыцця.

Мы, хрысціяне, пакліканы сузіраць цывілізацыю жыцця. У чым заключаны сэнс і мэта запаведзяў любові і спраў міласэрнасці для душы і цела бліжняга? У тым, каб дапамагаць нашым блізкім годна пераносіць цяжар жыцця. Дапамагаць тады, калі яны будуць мець патрэбу ў ежы, адзенні, у чуласці і дабрыні; рабіць усё, каб яны змаглі знайсці апору і падтрымку ў нас — сваіх блізкіх.

Духоўная нястача спараджае грэх, але яго можна запоўніць міласэрнасцю і спачуваннем. Мы выходзім за межы нашага эгаізму і падтрымліваем жыццё ва ўсіх формах яго праяўлення. Вось чаму я так радуюся, калі бачу шчаслівыя і спагадлівыя вочы дзяцей падчас малітвы аб выратаванні яшчэ ненароджаных дзяцей...


Чаму небяспечна насіць адзенне з сімволікай смерці?

25 сакавіка 2016 года ў нашай парафіі Св. Міхала Арханёла ў Ашмянах больш за 40 дзяцей ва ўзросце ад 11 да 13 гадоў духоўна ўсынавілі дзяцей, якім пагражае небяспека аборту. На працягу дзевяці месяцаў яны штодзённа будуць маліцца аб іх выратаванні. Мяркуючы па майму вопыту, гэта не толькі выратуе жыццё дзіцяці, якому пагражае небяспека аборту, але і ўзбагаціць саміх выратавальнікаў — абаронцаў жыцця.

Аналізуючы паводзіны дзяцей, разважаючы пра іх інтарэсы, аўтарытэты і ўплывы, дзіўлюся таму, што часта яны прыходзяць на катэхезу ў адзенні з сімволікай смерці. На кедах — чарапкі, на пальчатках — касцяшкі скілету, на шапцы і світары — чарапы. Навошта дзецям насіць на сабе сімволіку смерці?

Многія бацькі не думаюць, не надаюць гэтаму значэння, а самае крыўднае — не бачаць у гэтым нічога дрэннага, лічачы гэтыя «атрыбуты» моднымі, забаўнымі. Гуляюць са смерцю. І ад гэтага сумна, бо нешта вельмі важнае, каштоўнае, нябачнае, але асаблівае прытупляецца ў нас, робіць нас менш радыкальнымі і чулымі, калі справа датычыць абароны дабра і каштоўнасцяў, але затое больш «талерантнымі» ў адносінах да зла і розных формаў яго праяўлення.

Ведаю людзей, якія будуць слёзна перажываць ад таго, што кацяня захварэла, і бяздомныя сабачкі галадаюць, але з пагардай будуць праходзіць міма бедняка, які просіць міласціну. Мы заблыталіся ў лабірынтах эгаізму.


 «Мы не лічымся з цаной, якую трэба плаціць за задавальненне»

І гэта эгаізм часта падводзіць нас да выбару — задавальненне ці жыццё? Наркотыкі, алкаголь, цыгарэты — залежнасці, якія паступова, павольна, але мэтанакіравана пазбаўляюць нас жыцця, затое ў абмен мы атрымліваем задавальненне. Мы не лічымся з цаной, якую трэба заплаціць за задавальненне, бо яно асацыюецца ў многіх з нас са шчасцем. Чарговая ілюзія сучаснікаў. Лёгка, як рыбы, яны трапляюцца на кручок зла. І, як рыбы, пазбаўляюцца жыцця...

Каштоўнасць жыцця нам паказаў Езус. Ён адкрыўся нам як Шлях, Ісціна і Жыццё. Умець выбіраць дабро і пазбягаць усяго, што нас пазбаўляе жыцця і чалавечай годнасці, — вось у чым мудрасць. Жаданне прысвяціць сваё жыццё іншаму глыбока схавана ў чалавеку, але мы створаныя для зносін і адзінства.


Дзеля чаго мы рызыкуем?

У Баранавічах я назірала, як вечарамі матацыклісты збіраліся побач з Лядовым палацам і пачыналі спаборнічаць. Канешне, многае з таго, што яны рабілі, і сёння мне бачыцца неабдуманым і недарэчным, таму што, па сутнасці, гэта была неапраўданая рызыка. Яны рызыкавалі сваім жыццём дзеля марнай, бескарыснай славы.

Хоць я таксама магу сказаць пра сябе, што шмат рызыкавала ў жыцці і не баюся сітуацый, якія выпрабоўваюць мужнасць і стойкасць. Шчыра кажучы, яны мне нават падабаюцца, таму што менавіта ў такіх памежных сітуацыях я ўсведамляю, што для мяне па-сапраўднаму каштоўнае і святое.

Але калі ўзгадваю тых матацыклістаў, абавязкова ўстае пытанне: дзеля чаго мы рызыкуем? Дзеля каго і каму мы гатовыя прысвяціць сваё жыццё? Дзеля ідэі, славы, любімага чалавека, бацькоў, Радзімы, Касцёла, Бога? Мы ўсе марым пра подзвіг, і няма больш той любові, калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх. Але хто яны, «нашы сябры», за якіх мы здольныя ахвяраваць сваім жыццём?

У Сярэднявеччы рыцары здзяйснялі рызыкоўныя подзвігі дзеля прыгожай панны, пра якую мроілі. Пры дасяжнасці сучасных жанчын і незразумелай жаноцкасці мы, жанчыны, неяк мала натхняем мужчын на подзвігі. Разбітыя сем’і нас таксама не натхняюць на самаахвярнасць. Вера наша слабая, застаюцца ідэі і слава.

Паток моладзі з Еўропы ў шэрагі ісламскай дзяржавы кажуць пра гэта глыбокае, бясконцае жаданне чалавека прысвяціць сваё жыццё чамусьці, што больш за цябе, знайсці адзінадумцаў і мець дачыненне да чагосьці, што мацней за цябе. На гэтых пачуццях іграюць хітрыя і ўмелыя вярбоўшчыкі.


Што робіць людзей нешчаслівымі?

Але мы створаны для таго, каб жыць для Бога і тых, каго мы любім. Каштоўнасць жыцця прама прапарцыянальна каштоўнасцям, якія мы вызнаём. І калі каштоўнасці, якім мы прысвячаем сваё жыццё, падманлівыя, тады мы — нешчаслівыя людзі. Каб змяніць якасць жыцця, неабходна перагледзець свае каштоўнасці.

Прыгадваю жанчыну, якую сустрэла сярод зняволеных, якіх катэхізавала. Да гэтай пары стаіць перада мной яе вобраз — простай, сціплай, маўклівай жанчыны. Пасля таго, як яна выйшла з турмы, яна прышла да мяне ў госці і расказала сваю гісторыю.

Муж яе выпіваў і сістэматычна збіваў, яна нікому не скардзілася, не клікала на дапамогу, цярпела прыніжэнні і назапашвала ўсе крыўды ў сабе. Але аднойчы не вытрымала і, калі ён спаў пасля чарговага запоя і збіцця, яна засекла яго. Яна пакаялася ва ўчыненым, адсядзела свой тэрмін, але калі ўжо ў соты раз пракручвала ў галаве падзеі таго дня, пыталася ў мяне: «Чаму я не сышла з дому? Чаму я да гэтай пары не магу адмыць рукі ад яго крыві?»

Я не ведаю адказу. Я спачуваю ёй і ў чарговы раз запэўніваю сябе ў тым, што Пан Бог стварыў нашы рукі для таго, каб ствараць, любіць, абараняцца і клапаціцца. Варта нам часцей пра гэта ўзгадваць, інакш мы будзем пастаянна пракручваць у галаве трагічныя падзеі і шукаць неіснуючыя адказы на дзейныя пытанні.

Пятая Божая Запаведзь закранае праблему бытавога гвалту ў сям’і. Гэта тэма ганебная ў нашым грамадстве і звычайна замоўчваецца. Менавіта ў сям’і фарміруецца стаўленне да жыцця. Дзіця, якое расце ў атмасферы гвалту, будзе носьбітам гвалту — агрэсарам ці ахвярай. Нельга замоўчваць гэта, таму што маўчанне з’яўляецца згодай на зло.

Мы, хрысціяне, дзеці Уваскрослага, пакліканыя адкрываць каштоўнасць і сэнс жыцця, каб перадаваць яго сучаснікам. Давайце безупынна, з дня ў дзень, будзем прысвячаць сваё жыццё Богу, дзеля дабра нашых блізкіх і родных.

Будзем адзінадумцамі, будзем салідарныя з Касцёлам, які з’яўляецца бачным на зямлі абаронцам жыцця ва ўсіх формах яго праяўлення. Давайце створым у нашых сем’ях атмасферу, у якой няма месца жорсткасці і гвалту, каб нашы дзеці змаглі пабудаваць новы свет і мелі выразныя арыенціры і сапраўдныя каштоўнасці.

c. Нунэ Цітаян

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.