Калі мы з дзецьмі на катэхезе гаворым пра другую запаведзь, я ім звычайна расказваю гісторыю пра святога Францішка, якая ў свой час зрабіла на мяне вялікае ўражанне. Калі святы Францішак гаварыў імя «Езус», ён аблізваў свае вусны. Усе, хто быў вакол, пыталіся ў яго, навошта ён так робіць, і святы адказваў, што імя «Езус» для яго салодкае і гэтая асалода застаецца на яго вуснах пасля таго, як ён вымаўляе гэтае імя. Я думаю, многія чытачы, якім знаёма пачуццё любові, мяне разумеюць. Калі я чую пэўныя імёны, маё сэрца б’ецца мацней або замірае. Гэта імя «Езус», імёны маіх бацькоў, братоў і асаблівых у маім жыцці людзей. Імя Пана Бога не столькі асаблівае, колькі святое. Яно іншае, ні з кім не параўнальнае — выключнае. Якія пачуцці ў нас абуджаюць словы «Бог Айцец», «Езус Хрыстус», «Святы Дух»? Ці абуджаюць яны ў нас пачуцці боскай асалоды, захаплення і радасці? Ці родныя нам гэтыя словы? Як мы іх вымаўляем? Раўнадушна, са страхам, з крыўдай і болем, з расчараваннем або пашанай, з трапятаннем, з даверам і з любоўю? Як і калі мы вымаўляем Імя Бога? Які ў нас вопыт зносінаў з Ім?
Розныя імёны выклікаюць у нас супярэчлівыя пачуцці, усё залежыць ад нашага асабістага ўспрымання. Гэты вопыт складваецца з многіх фактараў. За кожным імем стаіць пэўная, канкрэтная непаўторная асоба.
У апошні час мяне насцярожвае ананімнасць выказванняў на форумах і ў інтэрнэце. Дзіўлюся неабгрунтаваным, пазбаўленым логікі і сэнсу, і элементарнай культуры каментарыям. Ананімнасць у сацыяльных сетках спрыяе таму, што страчваецца пачуццё годнасці, святасці і недатыкальнасці асобы чалавека. Кожны чалавек — гэта непаўторная асоба, і яна мае права на павагу. Ананімныя выказванні чытачоў, якія каментуюць навіны і артыкулы, часам не толькі пазбаўлены сэнсу, але напоўнены жоўцю, горыччу і адчаем.
Знакамітае «Увага! Выказванні карыстальнікаў партала выражаюць іх асабістае меркаванне, якое можа не супадаць з пазіцыяй партала. У абмеркаванні могуць сустракацца некарэктныя, некампетэнтныя, неаб’ектыўныя, вострыя крытычныя, а таксама іншыя выказванні, здольныя вызваць адмоўныя эмоцыі. Адказнасць за змест канкрэтнага каментарыя нясе карыстальнік, які яго апублікаваў» не апраўдвае паток бруду ў інтэрнэце.
Складваецца такое ўражанне, што ананімнасць адкрывае дзверы чалавечаму невуцтву, і яно выплёскваецца на паверхню. Што ў гэтым добрага? Па-мойму, нічога. Мне здаецца, што групка людзей, якая скарысталася маскай ананімнасці, спрабуе «размаляваць» рэальнасць сваімі фарбамі хцівасці, пажадлівасці, сквапнасці, зайздрасці і злобы.
Не думала, што ў XXI стагоддзі, у эпоху лічбавых тэхналогій, невуцтва пад маскай ананімнасці дойдзе да голасу. Ананімнасць спрыяе таму, што за выказанае слова ніхто не нясе адказнасці. Ананімныя выказванні правакуюць і ўводзяць у спакушэнне асабліва нявопытных чытачоў. Стваральнік Сусвету — Бог — не захацеў застацца ананімным аўтарам. Ён адкрыўся нам у сваім Сыне Езусе Хрысце, і мы ведаем і верым, што толькі Яго імем выратуемся. Бог адкрыўся перад намі як любячы Айцец, які ў таямніцы хросту ўсынаўляе нас, называючы нас па імені. Чалавек — гэта слабасць Бога, чалавек — самае святое для Бога. Людзям, якія ўсведамляюць святасць чалавечай асобы, няцяжка зразумець сэнс другой Божай запаведзі. Імя Бога святое. Як мы, хрысціяне, можам данесці гэтую ісціну да нашых сучаснікаў?
Святы Ігнацый Лаёла ў свой час гатовы быў змагацца з маўрам з-за таго, што той сумняваўся ў беззаганнасці Найсвяцейшай Панны Марыі пасля нараджэння Езуса.
Безумоўна, гаворка не ідзе пра тое, каб прымяніць сілу ў імя абароны ідэі, у нашым выпадку — ісціны веры, таму што прымяненне сілы — гэта шлях у бездань. Важна ўмець пастаяць за свае каштоўнасці і погляды. І не толькі самому шанаваць з трапятаннем і глыбокай павагай тое, што святое для нас, але і да нашых сучаснікаў данесці, што ж з’яўляецца для нас святым. Мы хочам, каб паважалі нас і тых, каго мы любім. Так і Пан Бог, Найсвяцейшая Дзева Марыя і святыя заклікаюць да павагі. Мы не павінны баяцца абараняць тое, што святое для нас, і павінны настойваць на павазе нашых духоўных каштоўнасцяў.
Калі чалавек згубіць духоўны стрыжань, ён згубіць сябе, сваю чалавечую ідэнтычнасць. Але няўжо ў нас ёсць матыў, каб адвярнуцца ад сваіх хрысціянскіх каштоўнасцяў? Адвярнуцца, таму што мы сталі крыху больш інфармаванымі (я не кажу больш культурнымі)? Або таму, што сталі крыху больш багацейшымі, і перад намі раскрыліся новыя магчымасці? Няўжо мы здольныя выкарыстаць усё гэта ў шкоду для сябе? Што мы зноў спрабуем давесці і каму? Адам і Ева, Каін, сучаснікі Ноя, будаўнікі Бабілонскай вежы, жыхары Садома і Гаморы і многія іншыя... Няўжо мы ад іх нічому не навучыліся? Нельга апраўдваць хрысціянскую пасіўнасць цярпімасцю да зла. Бог заклікае нас любіць і быць цярплівымі адзін да аднаго, а не да злога. Зло — гэта адсутнасць святога, і яно павінна быць выкрытае. Як абараніць тое, што святое для нас? Адзін з адказаў — жыць у прысутнасці святога Бога. Наша хрысціянская пабожнасць не павінна заканчвацца выхадам з касцёла пасля заканчэння святой Імшы. Мы прынялі Нябесны Хлеб, нашы вочы глядзелі на ўкрытага Бога, вушы слухалі Добрую Навіну. Для нас, хрысціян, і для людзей, далёкіх ад Бога, цяжэй за ўсё змірыцца з нашым хрысціянскім крывадушшам: вуснамі прапаведуем адно, а ў жыцці робім, як прыйдзецца.
Дысананс паміж «я — жаданым» і «я — рэальным». «Я хачу быць хрысціянінам» і «я — хрысціянін» — гэта дзве розныя рэальнасці. Мы павінны старацца, каб жаданае станавілася рэальнасцю. Пасля таго, як у дваццаць гадоў я прыняла сакрамэнт хросту, Касцёл стаў для мяне домам — месцам асаблівай прысутнасці майго Святога Нябеснага Айца. Па нядзелях мая дружная сям’я заставалася дома, а я адна ішла ў касцёл на святую Імшу. Цяжка аднаму без духоўных аднадумцаў. Мае родныя гэтага не разумелі, але я ўдзячная ім за тое, што яны мне не перашкаджалі і паважалі мае погляды. Маё стаўленне да Касцёла асаблівае — гэта месца майго духоўнага адраджэння, месца сустрэчы з Каханым.
Касцёл для мяне — гэта брамы раю, месца, дзе неба сустракаецца з зямлёй. Я не магу ўявіць горад без Касцёла. Куды прыходзіць, калі ты адкінуты самымі блізкімі табе людзьмі, калі ты самотны? Каму адкрыць свае раны і атрымаць суцяшэнне? Дзе пачуць словы надзеі? Дзе атрымаць міласэрнасць і навучыцца прабачэнню? Дзе даверыць самае патаемнае Богу і пачуць бацькоўскае настаўленне? Касцёл — гэта мая духоўная сям’я; чым больш я жыву, тым больш цаню духоўную роднасць. Разумею, што яна мацней за кроўную роднасць. Хочацца, каб кроўная роднасць узмацнялася духоўнай, тады сям’я — святая, непарушная, прасякнутая і ўзмоцненая Богам.
У апошнія гады шмат крытыкі было скіравана ў бок Касцёла. Мы чуем пра фінансавыя скандалы, грахі нашых пастыраў, сыходы святароў і манахінь. Усе гэтыя падзеі няверуючых упэўніваюць у нявер’і, слабых — спакушаюць, а верных — умацоўваюць. Грэх упісаны ў гісторыю кожнага чалавека, кожнага з нас паваліў грэх. Для нас і нашага выратавання Езус стаў чалавекам, каб падняць нас і навучыць нас жыць у свабодзе Божых дзяцей, у любові і Божай ласцы. Мне спадабалася, як у адным з інтэрв’ю Папа Францішак сказаў, што да грахоў Касцёла мы павінны ставіцца, як да грахоў нашай маці. Вельмі глыбока і мудра. Чыя мама бязгрэшная? Хто з нас дазволіць, каб нашу маму ганілі? Хто не заслоніць і не абароніць яе? Зло ёсць зло і ім застаецца, абараняць Касцёл — гэта не азначае замоўчваць праўду. Абарона праяўляецца ў разуменні, навяртанні і прабачэнні, а не ў адабрэнні. Я ведаю святароў і манахінь, якія сышлі ў свет, але ад гэтага Касцёл для мяне не перастаў быць тым, чым з’яўляецца. Касцёл — гэта не «яны», а — мы і Бог. Ступень святасці Касцёла прама прапарцыянальная святасці яго членаў. Нам так і хочацца скінуць з сябе адказнасць і знайсці чарговых «казлоў прабачэння». Не варта апраўдваць сваё маладушша і мінімалізм у веры грахамі Касцёла. Гэта няшчыра і неаб’ектыўна і ні да чаго не прывядзе. Толькі чарговае расчараванне, якое адбірае радасць жыцця і пазбаўляе нас надзеі.
Я нікога не асуджаю, таму што не ведаю свой канец, не ведаю, як у жыцці яшчэ мяне можа закруціць... Але я ведаю дакладна, што адыход ад святарства і манаства мае розныя прычыны; можа апынуцца так, што ў чалавека не было паклікання, а можа быць і такое, што, сыходзячы ад цяжкасцяў, ён выбраў больш складаны шлях збаўлення. Не нам судзіць, суддзя — Бог.
Другая Божая запаведзь абараняе тое, што святое для нас. Бог, вера, Каталіцкі Касцёл з’яўляюцца для мяне непахіснымі каштоўнасцямі, якія непарыўна звязаны паміж сабой, яны не праходзяць і вечныя, як любоў. Я ўдзячная Богу за дар веры, менавіта праз яе Ён далучыў мяне да святасці і заклікае быць святой, як Ён святы. Не будзем баяцца імкнуцца да святасці ў нашым складаным свеце, які выпрабоўваў і будзе выпрабоўваць нашу веру на трываласць. Пастараемся ж навучыцца любіць Касцёл, святы і грэшны, і быць сапраўднымі хрысціянамі — аўтэнтычнымі сведкамі Святога Бога.
С. Нунэ Цітаян MSF
|