Памятай і святкуй |
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян |
22.05.2015 17:25 |
Для нас, хрысціян, нядзеля – дзень сапраўднай перамогі, які не “порохом пропах”, але крывёю нашага Бога і Збаўцы – Езуса Хрыста. Шмат перамог здабыло чалавецтва на працягу сваёй шматгадовай гісторыі, але перамога Хрыста асаблівая, плёны яе невычэрпныя і вечныя. Яна незвычайная, таму што атрымана не над іншым чалавекам або народам, а над калектыўным і індывідуальным злом. Езус перамог корань зла, яго смяротныя наступствы і самага непераможнага ворага чалавека – смерць. Што характэрна: плёны Хрыстовай перамогі з часам не страчваюць сваёй актуальнасці і моцы, а яшчэ больш набліжаюць нас, якія вераць у Яго, да ўсеагульнай і асабістай перамогі над злом, у якой мы з вамі ўдзельнічаем. І калі хтосьці думае, што вера – гэта не барацьба, той глыбока памыляецца. Нашы маленькія і вялікія перамогі незабыўныя для нас. Яны напаўняюць нашы сэрцы гонарам за праяўленую мужнасць і гераізм і навяваюць ціхі сум і журбу аб тых, хто не змог раздзяліць з намі радасць перамогі, аб тых, якія сталі цаной перамогі. Хрыстус запрашае нас прыняць удзел, раздзяліць з Ім радасць перамогі – памятаць дзень Панскі, асвячаць, святкаваць дзень нашага збаўлення. Як жа Езус здабыў перамогу? Сваім уваскрасеннем. Ён прайшоў праз усе выпрабаванні. Ён, Усемагутны Бог, прыняў чалавечы ўдзел – смерць, і самае неверагоднае – Ён вярнуўся адтуль, адкуль яшчэ ніхто не вяртаўся. Ён перамог смерць – Ён уваскрос. Езус паказаў: Божае жыццё вечнае.
Езус многаму вучыць нас у прыпавесцях. Мяне ўразіла прыпавесць пра злых вінаградараў. Памятаю, як, дзякуючы гэтай прыпавесці, я зразумела, наколькі адрозніваецца наша чалавечае мысленне ад мыслення Бога. Наш Бог – Гаспадар дому – нашай зямлі, уладкаваў у літаральным сэнсе слова ўсё, як належыць, для таго, каб мы маглі свабодна жыць і радавацца плёнам нашай сумеснай працы. Евангеліст Мацвей выкарыстоўвае такія словы: “Гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў у ім давіла, пабудаваў вежу ды, аддаўшы яго вінаградарам, паехаў” (Мц 21, 33). Паглядзіце, колькі Гаспадар дому зрабіў (ключавыя дзеясловы): пасадзіў – стварыў, абнёс агароджай – абараніў, выкапаў давіла, пабудаваў вежу – усё прадумаў да дробязяў, каб мы маглі годна жыць і ствараць, аддаў яе нам і паехаў – даверыўся нам, пакінуў усё пад нашу адказнасць. Бог клапоціцца аб нашым дабрабыце. Здавалася б, чаго яшчэ. У нас усё ёсць, мноства магчымасцяў. Бог нам давярае, Ён абараняе і клапоціцца пра нас. Нам жа засталося добрасумленна працаваць, радавацца дабрабыту і аддаваць Пану Богу належную Яму хвалу. Але не, грэх пакінуў у нас рану недаверу і ненасытнасці, яна, як іржа, раз’ядае нас знутры, спустошваючы, выліваецца ў няўдзячнасць – абуральную несправядлівасць. Чалавецтва, сваімі сіламі, ніколі не завалодае спадчынай Пана, як бы яно ні старалася. Нам не хочацца аддаваць Богу Божае; не працуючы на дабро сабе, мы кажам свету: “Мы давяраем Богу, Ён Гаспадар зямлі, мы ўсё атрымліваем ад Яго і Яму аддаем належную хвалу. Бог – наша багацце, Ён – наша мінулае, цяперашняе і будучыня”. Без благаслаўлення Божага мы не зможам нічога, нас не насыцяць багацці ўсяго свету, наша сэрца большае за свет, яно здольнае ўмясціць самога Пана Бога. Мы баімся сітуацый, у якіх адчуваем сябе ўразлівымі і безабароннымі. Менавіта такія сітуацыі паказваюць наша сапраўднае аблічча, якога мы саромеемся і таму старанна хаваем. На самой справе, дзень Панскі напаўняе наша сэрца надзеяй, Бог клапоціцца пра нас і ніколі не перастане гэтага рабіць. Бог заўсёды ідзе далей за тое, што мы бачым або ўяўляем сабе. Ён разумее нашы патрэбы і трывогі, Ён становіцца нашай Ежай. Мы, хрысціяне, кормімся Богам, Яго Словам, Целам і Крывёю. Мы ўсе пакліканыя на вячэру Любові, але толькі выбраныя прыходзяць, каб далучыцца да Святога, напоўніцца сілай і радасцю, насыціцца супакоем – адпачыць у Богу. Эўхарыстыя з’яўляецца сэрцам уваскрасення, сустрэчай з Уваскрослым Панам, які хоча нас умацаваць у веры і рашучасці кіравацца Божай задумай, надае нам новыя сілы, каб у Хрысце – Сыне Божым – стаць спадкаемцамі нябесных дабротаў. Эўхарыстыя з’яўляецца лекамі на нашы раны.
Часта многія хрысціяне, якія ўдзельнічаюць у нядзельнай Эўхарыстыі, да канца не ўсведамляюць яе сілы і значнасці. Толькі ўсвядомленая вера дзейсная і прыносіць плёны. Эўхарыстыя з’яўляецца супрацьяддзем ад атруты шатана, ад таксічных наступстваў грахоў, як нашых, так і бліжніх. Я задаю часта сабе пытанне: чаму я люблю ўскладняць? Чаму мы шукаем больш складаныя адказы, чым тыя, якія ляжаць на паверхні і відавочныя? Чаму нам здаецца, што “па-мойму” лепш? Хаця і не хочацца браць адказнасці за наступствы. Езус стаў для нас Ахвярай. Ён узяў на Сябе ўсю адказнасць за грахі і віну. Езус не скарыўся пад іх цяжарам, але трывала і годна перанёс іх, дазволіў ім расплюшчыць Сябе, каб адкрылася тое, што перавышае наша разуменне, – Хвалу Уваскрасення. У веры трэба дайсці да межаў чалавечых магчымасцяў, каб адкрыліся вечныя небасхілы боскага. Уваскрасенне – неабходная і годная паўза ў жыцці кожнага з нас, каб мы нанова змаглі ўсвядоміць тое, што з намі адбылося, і тое, што важнае і па-сапраўднаму дарагое для нас, – Бог, сям’я і бліжні. Нядзеля – гэта дзень трыумфу пераможцаў. Нядзеля – гэта асаблівы дзень, калі мы дакранаемся і становімся прыналежнымі да Святога Бога, нашага Збаўцы. Кожная запаведзь утрымлівае ў сабе пэўны заклік да дзеяння: першая – не май іншых багоў, другая – не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна, а трэцяя – памятай, што ты павінен святкаваць святыя дні. Два дзеясловы: памятай і святкуй. Памяць, якая выражаецца ў святкаванні. Памятай Бога і ўсё, што Ён зрабіў дзеля твайго збаўлення, але няхай твая памяць не будзе толькі кароткім успамінам пра мінулае, таму што Бог збаўляе цябе сёння і зараз. Няхай памяць твая будзе дзейснай і выражаецца ў прысвячэнні Пану Богу нядзельнага дня! Мы, хрысціяне, можам дапамагчы свету не скандальнымі выкрываннямі, папрокамі і асуджэннем, але з пачуццём уласнай годнасці дзяліцца плёнамі дзейснай і збаўчай веры. Жыць у згодзе са сваёй верай, быць радаснымі сведкамі Хрыстовага Евангелля. Няхай за нас гавораць нашы ўчынкі – гэта самае пераканаўчае сведчанне. С. Нунэ Цітаян MSF |