Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цэтлік [Мінск — Найсвяцейшай Тройцы св. Роха на Залатой Горцы]
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі
2013-04-14 11:36:06

14 красавіка 2013 г., Мінск, касцёл Найсвяцейшай Тройцы

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, моладзь, якая прымае сакрамэнт канфірмацыі!

 
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікую сераду
2013-03-27 17:10:48

27 сакавіка 2013 г., Мінск, парафія Найсвяцейшай Тройцы

Шпіён Вялікай серады

Буду славіць вечна міласэрнасць Пана.
    
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

 
16 жніўня — успамін св. Роха, апекуна Мінска
2011-08-16 07:06:24

Свайго нябеснага апекуна ўзгадвае 16 жніўня горад Мінск. У свой час праз яго заступніцтва тут спынілася эпідэмія халеры. А ў 1861–1864 гг. у гонар святога ў Мінску была ўзведзена мураваная святыня.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ў Вялікую сераду
2011-04-20 18:56:42
20 красавіка 2011 г., мінскі касцёл Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха)

Крыж — сімвал ці праўда жыцця?

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. У цэнтры велікапосных разважанняў знаходзіцца крыж, на якім здзейснілася збаўленне свету. Крыж на Галгофе паўстаў па жаданні чалавека, па жаданні тых людзей, якія асудзілі Езуса на крыжовую смерць. А ў той жа час на крыжы паміраў чалавек — нявінны Езус Хрыстус.

2. Сёння для нас, хрысціян, крыж з’яўляецца сімвалам. Уносім яго ў Вялікую пятніцу ў касцёл і адаруем. Ён вісіць на сценах нашых дамоў. Яго ставяць на скрыжаваннях дарог. Яго мы носім на шыі. Знакам крыжа распачынаем малітву і г. д.

Яшчэ не так даўно падчас ганенняў вернікі павінны былі бараніць крыж, калі яго забаранялі, ламалі, скідвалі з касцёлаў, палілі і г. д. Колькі людзей у абароне крыжа заплацілі сваім жыццём! Колькі, рызыкуючы, хавалі крыжы. І яшчэ цяпер здараюцца выпадкі, калі вернікі прыносяць крыж, які збераглі падчас пераследу.

Змяняюцца часы — і што мы маем? Усё часцей і часцей чуем, што ў тым ці іншым месцы збурылі крыжы на могілках, дзесьці спаганілі або парэзалі на кавалкі. Хто гэта чыніць? Людзі, якія жывуць сярод нас.

Здараюцца і іншыя выпадкі. Ведаем скандальную справу, калі Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў крыжы ў публічных школах Італіі. Як можна сабе ўявіць Італію, дзе на кожным кроку касцёл ці іншы знак хрысціянскай гісторыі, без крыжа? Дзякуй Богу, нядаўна гэтае рашэнне было адменена. Аднак сам факт заслугоўвае ўвагі і нагадвае пра тое, што ў імя паліткарэктнасці ў справах рэлігіі і ажыццяўлення палітыкі, паводле якой рэлігія павінна быць выключна прыватнай справай чалавека, распачаўся яе новы пераслед, асабліва хрысціянства. І сапраўды, кожны дзень у свеце гіне каля 380 хрысціян, а ў год — каля 130 тысяч.

3. Чым для нас, хрысціян, з’яўляецца крыж? Ён не можа быць толькі сімвалам. Нездарма Хрыстус казаў, што калі хтосьці хоча ісці за Ім, то няхай бярэ свой крыж і ідзе. Таму крыж павінен быць абавязковым элементам жыцця хрысціяніна. Хрысціянін павінен несці крыж свайго жыцця, не павінен уцякаць ад яго і не можа яго выкрэсліць са свайго жыцця.

Хрысціянства з’яўляецца рэлігіяй цярпення. Мяне пераследуюць, і вас будуць пераследаваць, — кажа Хрыстус. Мы не хочам болю і маем права ўцякаць ад цярпенняў. Гэта натуральна і па-чалавечы. Аднак цярпенне непазбежна. Яно павінна адкрываць вочы на рэчаіснасць. Дзякуючы цярпенням Хрыста мы лепей разумеем свае цярпенні. Тут дзейнічае натуральны прынцып: сыты галоднага не зразумее. Таму крыж вучыць нас перадусім ахвярнай любові, такой, якой жыў Езус.

4. Ці знікне крыж калі-небудзь? Ці знікнуць боль, цярпенне, слёзы? Напэўна, будуць новыя лекі, які паменшаць чалавечыя цярпенні і дазволяць лячыць хваробы. Напэўна, знойдуцца новыя забавы, каб выцерці слёзы і выклікаць хоць на хвіліну ўсмешку. Аднак гэта не завершыць чалавечага цярпення. Няма такой кнопкі, якая б выключыла цярпенні. Удар прыходзіць раптам, як у мінскім метро 11 красавіка 2011 г. Найчасцей датыкае нявінных і справядлівых. Можа, часам чалавек і скардзіцца, што цярпенне спадае на справядлівых і нявінных. Але так было і з Хрыстом.

Ні адзін светапогляд, акрамя хрысціянскага, не мае права гаварыць пра крыж, бо на крыжы памёр Хрыстус. Матэрыялісты пазбягаюць праблемы цярпенняў, а калі і нагадваюць пра іх, то з’едліва кажуць, што гэта хрысціянская філасофія цярпення. Не трэба баяцца гэтага, бо філасофія цярпення — гэта не абязбольваючая таблетка, а сам Хрыстус, які ідзе на Галгофу, Хрыстус, у якога верым, верым у сэнс Яго ахвярных цярпенняў. Філасофія цярпенняў Хрыста — гэта проста крыж, які Ён узяў і пайшоў на Галгофу. Гэта адначасова лекцыя, якую нам даў Хрыстус.

5. Крыж Хрыста быў дарам. Такім дарам павінен быць і крыж чалавечы, як казаў Ян Павел II. Менавіта крыж Яго канання стаў вялікім дарам чалавецтву, бо стаў сусветнымі рэкалекцыямі.

Крыж таксама з’яўляецца ўваскрасеннем, бо ён вучыць прабачаць. Успомнім словы Езуса: «Ойча, прабач ім, бо яны не ведаюць, што робяць». Вучачы нас прабачаць, крыж падымае нас з грабніцы грахоў.

Крыж з’яўляецца знакам паяднання. Успомнім, як Езус на просьбу так званага «добрага злодзея» памятаць аб ім у Яго валадарстве, адказаў: яшчэ сёння будзеш са Мной у раі. Гэта практычная ілюстрацыя споведзі, якая яднае з Богам, Касцёлам і людзьмі.

Сёння мы сузіраем закрыты крыж. Праз два дні, у Вялікую пятніцу, ён будзе адкрыты. Гэтым самым Касцёл жадае, каб мы нанава заўважылі яго як знак нашага збаўлення, як знак бязмежнай любові Бога да чалавека.

6. Усё гэта нагадвае, што крыж — гэта не толькі сімвал, не толькі дзве збітыя бэлькі. Крыж — гэта вера, надзея і любоў, гэта наша Евангелле.

Гледзячы на сучасны секулярызаваны свет, часам здаецца, што крыж, пастаўлены на Галгофе, вагаецца. Ці скалы сучаснасці слабыя? Чаму столькі сумніву ў нашай веры? А можа, нам дастаткова мець толькі сімвал?

Калі мы сапраўдныя хрысціяне, то перад крыжом павінны цвёрда сказаць: «Крыж — гэта не толькі сімвал, але знак збаўлення і надзеі».

Удзячныя Табе, Пане, за крыж і яго навуку, просім Цябе: адары нас ласкай  веры ў праўду крыжа, імкнення да навяртання, прыняцця цярпенняў, складання ахвяры і прабачэння. Амэн.

 

Усяго 4 матэрыялаў адзначана цэтлікам Мінск — Найсвяцейшай Тройцы св. Роха на Залатой Горцы.

<< Start < Previous 1 Next > End >>
Page 1 Of 1
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.