Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі

14 красавіка 2013 г., Мінск, касцёл Найсвяцейшай Тройцы

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, моладзь, якая прымае сакрамэнт канфірмацыі!

1. Мы перажываем радасны пасхальны час, калі разважаем над таямніцай нашага збаўлення, якая з’яўляецца падмуркам нашай веры. Маючы на ўвазе тое, што вера ў сучасным свеце падвержана многім выпрабаванням і знаходзіцца ў крызісе, сённяшняя цэлебрацыя сакрамэнту канфірмацыі набірае асаблівы сэнс. Бо менавіта гэты сакрамэнт хрысціянскай сталасці пакліканы перадусім умацаваць нашу веру. Прымаючыя яго уступаюць у новае дарослае і сталае жыццё ў Касцёле і грамадстве з усімі выплываючымі з гэтага абавязкамі і правамі.

2. Для лепшага разумення задання, якое прымаюць на сябе кандыдаты, давайце прадставім сабе траіх маладых сяброў, якія знаходзяцца ў лесе і гуляюць у хованкі. З часам яны заўважаюць, што загубіліся. Адзін з іх кажа, што трэба зарыентавацца, дзе поўнач і дзе поўдзень, захад і ўсход, каб шчасліва выбрацца з лесу. Але дзень пахмурны, сонца не свеціць, і ім цяжка вырашыць, дзе знаходзіцца поўнач, поўдзень, захад і ўсход. Адзін кажа, што поўнач у гэтым накірунку, а іншы — у другім. Так яны доўга спрачаюцца паміж сабой і ў выніку не ведаюць, як выйсці з лесу. Потым нехта з іх успамінае, што заплечнік, які ён узяў з сабой, належыць яго бацьку, а ён паляўнічы і заўсёды з сабой носіць компас. Яны  шукаюць яго ў заплечніку і знаходзяць. На іх тварах радасць, бо са школьных урокаў яны ведаюць, што компас пакажа, дзе поўнач, і яны будуць ведаць, у якім напрамку ісці, каб выбрацца з лесу.

3. Дарагія браты і сёстры, ці гэтая сітуацыя не паўтараецца ў нашым жыцці? Ці мы не губляемся ў цёмным лесе сучаснасці з яе небяспечнымі выклікамі? Ці не захапляемся злом і давяраем яму? Ці зло маральнай цемры не з’яўляецца нашай ежай, аж да такой ступені, што зло корміць зло, такім чынам павялічваючы яго? Ці мы не ўслухоўваемся ў галасы розных далёкіх ад Бога людзей, якія заахвочваюць нас жыць паводле ўказанага імі напрамку?

Гэтымі галасамі з’яўляюцца розныя секты, знахары, прадказанні і г.д. Не трэба далёка хадзіць. Успомнім ажыятаж напрыканцы мінулага года, калі было абвешчана аб канцы свету 21 снежня. Успомнім адмаўленне ад пасады папы Бэнэдыкта XVI і розныя так званыя прароцтвы ў сувязі з выбарам новага Пантыфіка. І многія людзі, нават веруючыя, прымалі гэтыя прадказанні як праўду. Гэта ўсё не што іншае, як адсутнасць сапраўднага компаса ў нашым жыцці. У той жа час такі компас існуе. Гэта наша хрысціянская вера.

4. На жаль, сучасны чалавек вельмі часта веру ўспрымае як перашкоду жыць так, як яму хочацца, выкарыстоўваючы мыльнае паняцце свабоды і не зважаючы на Божы закон. Мы, як веруючыя хрысціяне, не можам ісці дзвюма дарогамі — боскай і бязбожнай. Бог кажа нам, што добра, а што блага. У той жа час мы не жадаем гэтага прыняць і самі, нярэдка выкарыстоўваючы дэмакратычныя інстытуты заканадаўчай улады, устанаўліваем нормы паводзін, якія на самой справе з’яўляюцца амаральнымі.

Таму перад сучасным чалавекам, на якога ўплывае шмат фактараў, стаіць вельмі адказнае пытанне: хто вырашае што такое праўда? Уласная воля чалавека ці вучэнне Хрыста? На жаль, вельмі часта праўдай мы лічым тое, што самі свабодна выбіраем і што нам падабаецца, не зважаючы на Божы закон. Тады ў сваім жыцці мы не звяртаем увагі на Бога.

Але калі наша свабода месціцца ў межах аб’яўленай Богам праўды, тады нам неабходна жыць паводле Яго вучэння. Нездарма св. Аўгустын кажа: «Не шукайце вызвалення далёка ад дому свайго Вызваліцеля». Калі  мы прымаем вучэнне Хрыста, то павінны ісці ў вечнае жыццё праз цесную браму Яго вучэння, бо любы іншы шлях прывядзе нас да нашай уласнай асабістай унутранай праўды, якая не заўсёды згодна і нават супярэчная з Божай.

5. Каб жыць паводле Божага закону, неабходна мець адпаведныя духоўныя сілы. Бог не пакінуў нас адных. У сакрамэнце канфірмацыі мы атрымліваем Святога Духа і Яго дары, каб распазнаваць і выбіраць адпаведны і згодны з Божай воляй жыццёвы шлях.

Чаму вучыць нас Езус на гэтым шляху? Ён вучыць, што мы былі створаны і адкуплены Богам, таму павінны жыць боскім жыццём і дзяліцца ім з іншымі, каб супольна ісці дарогай збаўлення. Бог не можа нас учыніць шчаслівымі без рэлігіі, без адносін з Ім, бо стварыў нас з любові да нас і хоча, каб мы Яго любілі.

Мы не будзем жыць 70 ці 80 гадоў і потым знікнем. Мы створаны, каб жыць вечна. Мы не спадары свайго жыцця, бо ім з’яўляецца Бог. Але мы Яго дзеці. Мы не атрымалі Божага жыцця ад саміх сябе. Гэта Божы дар, і мы яго можам згубіць. Таму нам неабходна клапаціцца аб ім. Гэты дар мы атрымалі ў сакрамэнце хросту. Ён умацоўваецца малітвай і асабліва Эўхарыстыяй. Аднаўляецца ў сакрамэнце пакаяння і праяўляецца ў служэнні Богу і іншым.

6. Бог з’яўляецца абсалютным Богам і крыніцай усялякага дабра, і таму Ён вызначае што маральна добра і што нядобра. Бог аб’явіў праўду пра маральнае дабро і зло ў дзесяці запаведзях. Ён таксама кажа нам захоўваць іх. Касцёл не вучыць, у што мы павінны верыць, але ў каго — а менавіта ў Бога.

Езус кажа пра сябе, што Ён святло свету. Усё тое, што мы бачым, мы бачым дзякуючы крыніцы святла, якой з’яўляецца сонца. Езус хоча быць такім адзіным сонцам ў нашым духоўным жыцці. Ён жадае быць нашым святлом, дзякуючы якому мы можам рабіць адпаведны выбар і ўстанавіць прыярытэты.

Адзін духоўны аўтар (C.S. Lewis) кажа, што Богу лёгка дагадзіць, але Яго цяжка задаволіць. І гэта праўда. Бог, як добры любячы бацька, радуецца нават найменшаму знаку дабрыні ў нас, але Ён таксама заклікае нас быць добрымі. Такімі таксама з’яўляюцца бацькі.

У той жа час ні Езус, ні Касцёл не жадаюць, каб мы самі былі вымярэннем нашай духоўнай і маральнай праўды. Мы не маем права апраўдваць сябе толькі таму, што мы гэта зрабілі. Мы не можам казаць, што наша сацыяльная ці грамадская пазіцыя дазваляе мне чыніць нешта не згоднае з маральнымі нормамі. Чалавек не можа змяняць маральных нормаў. Евангелле дадзена нам не для таго, каб мы яго змянялі, але каб яно нас змяняла.

Касцёл не адкідае грэшніка і яго не карае, але стараецца вярнуць на шлях Божай праўды. Але для гэтага неабходна кінуцца ў абдымкі Божай міласэрнасці. Сучасны свет, радыё, тэлебачанне, інтэрнэт, кіно і многае іншае прапануюць нам прыклады нязгоднага з Божай воляй жыцця і нават кажуць, што гэта добра, бо ўсе так жывуць. Паводле сучаснай філасофіі жыцця, чалавек не павінен думаць ці дзейнічаць інакш, чым чыняць другія, бо найлягчэй плысці па цячэнні, а не супраць. Пытанне толькі куды гэта цячэнне нас занясе.

У такіх абставінах мы заўсёды павінны памятаць, што компасам нашага жыцця павінен быць Хрыстус, які ніколі не падвядзе.

7. Сёння Святы Дух умацоўвае сваімі дарамі тых, хто прымае сакрамэнт канфірмацыі, каб у мітусні сучаснага свету, яго выпрабаваннях і спакусах не страцілі сваёй веры, яе вызнавалі і баранілі. А для гэтага неабходна як мага часцей карыстацца духоўным компасам, якім ёсць Хрыстус і Яго Евангелле. Ён не падмане і накіруе на праўдзівы жыццёвы шлях.

Таму, дарагія браты і сёстры, адкрыйцеся на дзеянне Святога Духа, дазвольце Яму дзейнічаць у вашых сэрцах, каб Ён іх перамяняў і чыніў мужнымі вызнаўцамі і веснікамі хрысціянскай веры, як гарантыі шчасця ў гэтым жыцці і вечнасці. Амэн.

Адноўлена 14.04.2013 15:04
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі