29 сакавіка 2013 г., у Вялікую пятніцу, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўзначаліў набажэнства Мукі Пана ў мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы. Набажэнства праходзіла на англійскай мове.
У літургіі ўдзельнічаў Першы сакратар Апостальскай Нунцыятуры кс. Філіпа Чампанэлі. Падчас набажэнства ўсе прысутныя ўшанавалі крыж Пана.
Літургіі на англійскай мове праходзяць у Мінску рэдка. Кожную другую нядзелю месяца яна адбываецца ў гродзенскім пабрыгідскім касцёле. Падобныя набажэнствы ў мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы прызначаны перш за ўсё для студэнтаў з іншых краін, якія вучацца ў беларускай сталіцы, і для ўсіх англамоўных гасцей горада. Таксама на іх запрашаюцца ўсе жадаючыя.
У размове з Catholic.by Апостальскі Нунцый расказаў аб тым, якое значэнне мае для яго Вялікая пятніца, а таксама падзяліўся сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з замежнымі гасцямі, што прымалі ўдзел у сённяшнім набажэнстве.
«Вялікая пятніца для мяне азначае смерць Пана, а таксама цярпенне і смерць шматлікіх людзей, якія сёння не бачаць святла, — адзначыў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. — А таксама гэта, напэўна, апошнія хвіліны жыцця маёй мамы. І гэтую цяперашнюю Вялікую пятніцу я адчуваю асабліва — усёй сваёй істотаю».
«На сённяшнім набажэнстве не было вялікага натоўпу вернікаў — прысутнічала пэўная колькасць цемнаскурых студэнтаў з Афрыкі, якія разам маліліся, — дадаў прадстаўнік Святога Айца. — Тут, на беларускай зямлі, яны, як і ўсе нашы католікі, падзяляюць веру ў сваё ўласнае ўваскрасенне, чакаюць яго і чакаюць ад беларускіх вернікаў цеплыні, гасціннасці і падтрымкі. А таксама — супольнай надзеі».
Вялікая пятніца Мукі Пана — дзень, калі, згодна са старадаўняй традыцыяй, Касцёл не ўдзяляе ніякіх сакрамэнтаў, акрамя пакаяння і намашчэння хворых. У другой палове дня цэлебруецца літургія Мукі Пана, цэнтральнай часткай якой з’яўляецца адарацыя святога Крыжа. Пасля адарацыі і святой Камуніі Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносіцца ў сімвалічную грабніцу. Анастасія Грышан
|