Біскуп Дзям’янка ў Вялікую пятніцу: калі ўзвысіўся крыж, заяснела чысціня і святло любові |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
30.03.2013 00:24 |
29 сакавіка, у Вялікую пятніцу, духавенства Пінска, кансэкраваныя асобы, семінарысты і вернікі сабраліся ў катэдры разам са сваім пастырам біскупам Антоніем Дзям’янкам, каб ушанаваць крыж – “прыладу збаўлення” ўсяго чалавецтва. Перад ушанаваннем крыжа, да якога вяла доўгая чарга ў касцёле, біскуп Дзям’янка нагадаў, што для хрысціяніна крыж павінен з’яўляцца “знакам жыцця і пачаткам надзеі”, хоць “для свету знак крыжа -- гэта адсутнасць надзеі”. “Таму будзем паўтараць за чалавекам “апошняга шансу”, за злачынцам, які быў укрыжаваны разам з іншым і вісеў па правым боку: “Езу, узгадай мяне ў сваім Валадарстве””, -- заахвоціў у гаміліі іерарх. Прыгадваючы Крыжовы шлях Езуса, які прывёў Яго на крыж, біскуп Пінскі разважаў пра яго сэнс. “Сэнс у тым, каб смерць Езуса з-за абыякавасці да справы збаўлення – нашай і свету – не была дарэмнай. Таму такая моцная сувязь паміж жыццём, смерцю, уваскрасеннем Езуса Хрыста і нашым жыццём. Таму таксама нашае жыццё ўпісана ў муку, смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста”, -- падкрэсліў біскуп Дзям’янка і заахвоціў перажываць пасхальную таямніцу як уласны пераход – “ад граху да ласкі, ад смерці да жыцця”. (VGr) |