Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’яні падчас набажэнства ў Вялікую пятніцу


Пінская катэдра, 29 сакавіка 2013 г.

У гэты дзень, у які “Хрыстус быў ахвяраваны як наша Пасха” (пар. 1 кар 5, 7), споўнілася тое, што даўно было абяцана пад заслонай фігуры,  якая скрывала ў сабе таямніцу: прыйшоў сапраўдны баранак, якога прадказвалі, і адзіная ахвяра Езуса споўніла тое, што абвяшчалі шматлікія крывавыя ахвяры.

 

Справу збаўлення чалавека і праслаўлення Бога, якія прадказвалі натхнёныя Богам вялікія здарэнні са Старога Запавету, здзейсніў Езус Хрыстус праз таямніцу благаслаўлёнай мукі, змёртвыхпаўстання і ўнебаўшэсця: “Праз сваю смерць Ён перамог нашу смерць і, паўстаўшы з мёртвых, вярнуў нам жыццё. З боку цела Хрыста, канаючага на крыжы, нарадзіўся дзівосны сакрамэнт усяго Касцёла”, -- чытаем у Канстытуцыі аб літургіі Другога Ватыканскага Сабору.   

Крыж з’яўляецца вяршыняй, вытокам, нашым збаўленнем і пачаткам усялякага дабра. Ён нас, прыніжаных, узвысіў. Ён далучыў нас да супольнасці сыноў і дачок Божых. Ён нас, заблуканых, вывеў на гасцінец, і праз Яго мы пазналі праўду. Крыж учыніў так, што цяпер мы не кланяемся дрэвам і камяням, а аддаём пашану толькі Богу. Крыж вызваліў нас з няволі грахоў. Праз крыж зямля стала небам. Крыж адкрывае нам праўду. Ён паяднаў нас з Богам. Ён вырваў нас з усялякіх злачынстваў. Крыж знішчыў злосць д’ябла. Калі ўзвысіўся крыж, заяснела чысціня, і свет любові. Крыж вярнуў супакой нашаму жыццю. Гэтыя разважанні пра крыж знаходзім у святога Яна Хрызастома.

Крыж, таксама як і смерць Езуса, былі поўнай нечаканасцю для Апосталаў.

З гісторыі Касцёла ведаем, што крыж не адразу быў прыняты як распазнавальны знак веруючых у Хрыста. Першыя хрысціяне такім знакам лічылі рыбу. Крыжам нельга было ганарыцца. Для гэбрэяў ён быў знакам праклёну, адкінутасці ад Бога, для рымлянаў – жудаснай прыладай катавання тых, хто імкнуўся вызваліцца з-пад іх улады. Паводле аднаго з рымскіх імператараў, крыж для грамадзянаў яго імперыі павінен быць чымсьці аддаленым – для іх цела, думак, вачэй і вушэй.

З часам адбылася “эвалюцыя” крыжа, і сёння ў яго знаку мы бачым благаслаўленне і надзею на жыццё. Крыж са знаку ганьбы і адкінутасці ад Бога і грамадства стаў знакам гонару.

Крыж адкрыў для нас новае вымарэнне. Якое? Для гэтага ўвойдзем у таямніцу сённяшняга дня.

Для таго, каб прызначыць смяротны прысуд Езусу, неабходны былі сур’ёзныя абвінавачванні. І іх прадставілі першасвятары: Ён называе сябе Сынам Божым, абяцае на працягу трох дзён знішчыць і адбудаваць святыню, Ён бязбожнік, бо не захоўвае шабату, Ён выступае супраць традыцыі. Каб канчаткова пераканацца ў пералічаным, Пілат пытаецца ў Яго: “Ці Ты Кароль Юдэйскі?“ Езус адказаў: “Ты кажаш”. Для архірэяў гэта было блюзнерствам, таму Езус, згодна з іх прысудам, павінен памерці.

Для Пілата такі стан не пярэчыць рымскаму праву. І ён хоча паказаць, хто тут гаспадар. Распачынаецца гульня з першасвятарамі, у якой прайграе толькі Езус. З непрыяцеля традыцыі і бязбожніка Езус становіцца непрыяцелем рымскага імператара і бунтаўніком. “На крыж Яго!” -- патрабуюць першасвятары і кніжнікі. “Вазьміце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны”, -- скажа Пілат і на знак таго абмые рукі.

Хто Ён, што пра Яго вядзецца столькі спрэчак?

Езус аб усім ведаў і падрыхтаваў на такія трагічныя падзеі вучняў. У чалавечай супольнасці для Яго не было месца: ні калі Ён нарадзіўся ў Бэтлееме, ні калі паміраў па-за мурамі Ерузалема.

Прыйшоў да сваіх, але свае Яго не прынялі. Гэта здарылася не толькі тады, гэта адбываецца і цяпер, у нашыя часы. Няма месца для Езуса ў сэрцах многіх. Але іх рукі свабодныя, і таму могуць прыбіць Яго да крыжа альбо выкінуць на сметнік. Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус напісала: ”У нядзелю, калі разглядала здымкі Езуса на крыжы, асабліва ўразіла мяне кроў, якая выцякала з Яго боскай рукі. Прыйшоў тады да мяне вялікі сум і думка аб тым, што гэта Кроў падае на зямлю, і ніхто не імкнецца Яе сабраць; і таму ў душы пастанавіла трываць пры крыжы і збіраць гэтую Божую Расу, якая выцякае з Яго, з тым перакананнем, што павінна выліваць Яе на душы”.

Для свету знак крыжа -- гэта адсутнасць надзеі. Для вернікаў жа крыж з’яўляецца знакам жыцця і пачаткам надзеі. Таму будзем паўтараць за чалавекам “апошняга шансу”, за злачынцам, які быў укрыжаваны разам з іншым і вісеў па правым боку: “Езу, узгадай мяне ў сваім Валадарстве”. Святы Рафал Каліноўскі навучаў: “Праз крыж адкрылася неба, праз крыж -- да неба ўваход”.

Таму асабліва падчас Вялікага посту мы часта маліліся словамі “кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе, бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты”.

“Будуць глядзець на таго, якога прыбілі”, – так св. Ян, у адрозненні ад іншых евангелістаў, апісвае евангельскія падзеі. Яго апісанне поўнае сімволікі.

На Крыжовым шляху сустракаем розных асобаў: апостала, які Яго здрадзіў, вучня, які адрокся ад Яго, апосталаў, якія заснулі, Сымона Кірынэйца, які дапамагаў несці крыж, Вераніка, якая са спачуваннем выцерла змучаны і заліты крывёю твар Езуса, невядомыя ерузалемскія жанчыны, якія плакалі па асужанаму на смяротнае пакаранне, а таксама Марыю – Яго і нашу Маці, якая разам з Марыяй Магдаленай і св. Янам была на Галгофе да самай смерці Хрыста.

Кожная з гэтых асобаў заахвочвае нас сёння задумацца пра кошт збаўлення чалавека. Нагадвае таксама пра нашы адносіны да Бога і абавязак веруючых у адносінах да церпячага чалавека. А да якой катэгорыі асобаў з Вялікай пятніцы адношуся я?  

Сэнс Крыжовага шляху не толькі ў спачуванні Езусу, які церпіць: “Плачце не па Мне, а па дзецях вашых”. Сэнс у тым, каб Яго смерць з-за абыякавасці да справы збаўлення – нашай і свету – не была дарэмнай. Таму такая моцная сувязь паміж жыццём, смерцю, уваскрасеннем Езуса Хрыста і нашым жыццём. Таму таксама нашае жыццё ўпісана ў муку, смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста. Папа Францішак так разважае аб гэтым: ”Паглядзім навокал: якія шматлікія раны задае зло чалавецтву! Войны, насілле, гаспадарчыя канфлікты прыносяць найцяжэйшыя цярпенні найслабейшым… Мая бабуля гаварыла да нас, дзяцей: апошняя кашуля не мае кішэняў. Прага да матэрыяльных каштоўнасцей, улады, карупцыя, падзелы, непаразуменні, злачынствы супраць жыцця і чалавецтва. І гэта, аб чым кожны з нас ведае, нашы асабістыя грахі: адсутнасць любові і пашаны да Бога, чалавека і ўсяго стварэння. Езус на крыжы адчувае ўвесь цяжар зла і перамагае яго моцай любові да Бога, перамагае ў сваім уваскрасенні. Вось тое дабро, якое дае нам Езус са свайго трону – Крыжа. Крыж Хрыста, прыняты з любоўю, не вядзе да суму, але да радасці! Да радасці ад таго, што мы збаўленыя”.

Езус бярэ на сябе грахі свету. Яго мука не была выпадковай. “Божа мой, Божа, чаму Мяне пакінуў?” -- гэта былі словы малітвы Бога-Чалавека, які перажываў страшэнныя цярпенні. І апошнія словы Збаўцы перад скананнем: “У рукі Твае аддаю Я Дух Мой”. Ён за мае грахі памёр на крыжы.

Езус не толькі быў звычайным чалавекам, асуджаным на смерць, але Сынам спрадвечнага Айца. Магіла была для Яго не заканчэннем жыцця, а пачаткам новага: калі зерне пшаніцы, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то не прынясе плёну -- так Езус навучаў жыхароў Палестыны падчас трохгадовай публічнай дзейнасці. А надзея не можа памыліцца.

І таму пасхальная таямніца -- гэта пераход з адасобленасці да супольнасці, з граху да ласкі, ад смерці да жыцця. Гэта мой пераход.

“Хто хоча быць Маім вучнем, няхай возме свой крыж, – кажа Езус. – Гэта адзіны шлях: хто не нясе свайго крыжа, а ідзе за Мной, не можа быць Маім вучнем”. Як няма Езуса без крыжа, так і вучань Езуса не можа быць без крыжа. Не трэба шукаць крыжа, але неабходна з любоўю прыняць Божую волю. Крыж -- гэта не толькі цяжар, але і наш ратунак. Маці благаслаўлёнага Ежы Папялушкі казала, што без крыжа, можа, многія хацелі б атрымаць неба, але гэта немагчыма.

“Калі хто хоча ісці за Мной, няхай адрачэцца самога сябе, возьме свой крыж і ідзе за Мною”, – вучыць Езус. Паводле св. Яўгена дэ Мазэно, з другога боку крыжа ёсць месца на тваё ўкрыжаванне.

Калі прымаем крыж штодзённых абавязкаў -- сямейных, грамадскіх, асабістых -- не адчуваем сябе самотнымі, бо з намі Езус. Тады мы прымаем Яго ў сваім жыцці. Бо без крыжа мы не можам прыняць Хрыста.

Новая зямля і новае неба пачынаецца ад уваскрашэння - праз хрост, які акунае нас у смерць, а мы разам з Ім пахаваныя для таго, каб увайсці ў новае жыццё. Мы тады прымаем крыж, калі служым іншым з ахвярнасцю.

Пацвярджэннем гэтаму з’яўляецца Эўхарыстыя: кожны раз, калі спажываеце хлеб альбо п’яце з келіха, абвяшчаеце смерць Пана і Яго прыйсце.

Святая Камунія -- гэта прастора ў нашым жыцці. Хрыстус -- Хлеб Жыцця, жывы хлеб, які сышоў з нябёсаў. Кожны, хто спажывае гэты хлеб, будзе жыць вечна. “Хлеб, які Я вам дам, гэта Маё Цела”, – гэтыя словы Хрыста ажыўляюць нашую веру ў Яго прысутнасць сярод нас.

Таксама стоячы ля магіл блізкіх, мы разважаем Яго словы: “Я -- змёртвыхпаўстанне і жыццё. Хто верыць у Мяне, хаця б і памёр, будзе жыць. Кожны, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ на векі”.

Углядаючыся ў крыж нашага Пана і Збаўцы, Касцёл адзначае сваё нараджэнне і разважае над даверанай яму місіяй: на ўсе народы пашырыць плады мукі Хрыста ( гл. Цырыманіял літургічных паслуг на Вялікую пятніцу).

Папа Францішак так навучае пра крыж: “З Хрыстом сэрца чалавека ніколі не старэе. Усе, аднак, ведаем, што Кароль, за якім крочым і які нам спадарожнічае, асаблівы: гэта кароль, які любіць аж да межаў крыжа і вучыць нас служэнню і любові. Не саромейцеся Яго крыжа. Наадварот, абдымайце яго, бо ў дары з сябе самога адкрываецца сапраўдная любоў, і любоўю Бог перамог зло”.

Адноўлена 30.03.2013 00:04
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі