Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Літургія Мукі Пана ў Гродне: не Бог адыходзіць ад мяне, але я сам пакідаю Яго
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
30.03.2013 00:41

У Вялікую пятніцу Касцёл не цэлебруе Эўхарыстыі. У гэты дзень вернікі адаруюць крыж Езуса з усведамленнем уласнага крыжа і гатоўнасцю падняць яго па прыкладзе Збаўцы. Літургію Мукі Пана ў гродзенскім катэдральным касцёле ўзначаліў 29 сакавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У набажэнстве ўдзельнічалі святары, кансэкраваныя асобы, навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі і шматлікія вернікі горада.

Кароткую гамілію, прысвечаную крыжу Хрыста і чалавечым крыжам, прамовіў кс. доктар Раман Катлімоўскі. «Крыж Хрыста данесены да канца, прэлюдыя Мукі завершана. Застаўся позірк, поўны любові, у вочы Маці Божай і поўнае роспачы пытанне: „Божа Мой, чаму Мяне пакінуў?“» — гэтымі словамі святар акрэсліў сутнасць Вялікай пятніцы, дадаўшы, што галоўным матывам смерці Езуса было тое, што чалавек узняў руку на Бога: «Парадаксальна, але Езус быў пакараны за дабро».

Таксама святар паразважаў разам з вернікамі над некаторымі пытаннямі, у тым ліку аб сэнсе цярпення, аб тым, чаго баіцца сучасны чалавек. «Магчыма, мы, хрысціяне, больш клапоцімся пра здароўе, сям’ю, сяброў, чым пра Езуса Хрыста, які нас любіць?» — выказаў думку кс. Катлімоўскі. «Ці ўсведамляю я, што не Бог адыходзіць ад мяне, але я сам Яго пакідаю?» — такім было яшчэ адно пытанне да ўдзельнікаў набажэнства.

Святар заахвоціў вернікаў ушаноўваць крыж Хрыста, усведамляючы, што «Ён вучыў нас не толькі таму, як цярпець, але і як у гэтым цярпенні набліжаць самога сябе і іншых да Бога».

Падчас набажэнства адбылася адарацыя крыжа, пры якой чалавек уваходзіць у асаблівую сувязь з Хрыстом, каб бачыць свой уласны крыж як хвалебны. Важнай часткай літургіі Мукі Пана была і святая Камунія. На заканчэнне Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў працэсіі да сімвалічнай грабніцы, дзе будзе захоўвацца да пасхальнай вігіліі.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме