Спеў велікоднай песні «Вясёлы дзень для нас настаў…» гучаў на вуліцах Гродна раніцай 31 сакавіка. Святкаванне нядзелі Уваскрасення Пана распачалося рэзурэкцыйнай працэсіяй, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Урачыстая працэсія, звон званоў і велікодныя песні нагадвалі ўсім гродзенскім вернікам, якія крочылі ў гэты дзень за Уваскрослым Хрыстом, пра Яго перамогу над смерцю, пеклам і сатаной.
Пасля працэсіі ў катэдральным касцёле горада адбылася святая Імша пад кіраўніцтвам біскупа Кашкевіча. Іерарх падкрэсліў, што ўваскрасенне Хрыста — падзея гістарычная і адначасова пераступае за межы гісторыі, бо раз і назаўсёды змяніла яе ход і надала новы сэнс падзеям усяго свету. Біскуп дадаў, што ўваскрасенне Езуса адбылося без сведкаў, бо «было вельмі вялікім і незразумелым для таго, каб чалавек змог гэта перажыць і апісаць».
Па словах іерарха, сузіранне пустой грабніцы стала для вучняў Хрыста пачаткам веры ва ўваскрасенне. Пазней яны ўбачылі і іншыя, яшчэ больш моцныя знакі гэтага: «уваскрослы Хрыстус аб’яўляўся ім, яны маглі ўбачыць Яго ўласнымі вачыма, дакрануцца да Яго, размаўляць з Ім і спажываць разам з Ім ежу».
Сустрэча апосталаў з Езусам, працягваў біскуп, дапамагае ўмацаванню іх веры, якая «паступова становіцца настолькі моцнай, што ніякія пагрозы, ніякая сіла гэтага свету не здольная іх стрымаць перад абвяшчэннем праўды аб Уваскрасенні». Радасная навіна аб Уваскрасенні дасягнула калісьці даўно і нашай зямлі: «Праз стагоддзі нашы продкі жылі і паміралі, верачы, што іх жыццё не завершыцца ў хвіліну смерці і што за яе парогам іх чакае не пустэча, а новае жыццё ў новай рэчаіснасці».
«Вера ва ўваскрасенне Хрыста — гэта пацвярджэнне Яго навучання, што праўда і дабро заўсёды атрымліваюць канчатковую перамогу, што праўды і дабра нельга растаптаць, укрыжаваць, забіць», — падкрэсліў гродзенскі ардынарый.
Біскуп Кашкевіч нагадаў і пра тое, што ў сваім жыцці неабходна «імкнуцца да таго, што ў вышынях, чым да таго, што на зямлі». «Для кожнага вызнаўцы Хрыста Уваскрасенне — гэта заклік да новага, перамененага жыцця на зямлі», — адзначыў іерарх, дадаўшы, што, каб перамагчы сучасныя эгаізм, нянавісць, абыякавасць у справах веры, трэба «звярнуцца ўсім сэрцам да Хрыста і з адвагай здзяйсняць штодзённую працу крочання шляхам евангельскіх каштоўнасцяў разам з Ім».
На заканчэнне супольнага святкавання велікоднай раніцы біскуп пажадаў дыяцэзіянам, каб Уваскрослы Езус заўсёды прысутнчіаў у іх жыцці — «у малітве, працы, развіцці нас саміх дзеля росквіту нашых сем’яў, Касцёла і грамадства, у якім мы жывём». Кс. Юрый Марціновіч
|