Велікодная сустрэча ў Лучаі: святочна, шчыра, творча |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
10.04.2013 16:56 |
Увесь мінулы тыдзень католікі Беларусі і ўсяго свету працягвалі радавацца Уваскрасенню Пана: у касцёлах адбыліся ўрачыстыя набажэнствы і велікодныя сустрэчы. Не абмінула свята і вёску Лучай — 7 красавіка тут адбылося мерапрыемства, прасякнутае не толькі верай, але і творчасцю. Велікодная сустрэча распачалася нядзельнай святой Імшы. У той дзень яна была асаблівая: споўнілася шэсць гадоў, як лучайскай парафіяй кіруе кс. Мікалай Ліпскі. Пасля заканчэння Імшы святар пачуў шмат шчырых віншаванняў і цёплых слоў. «Гады праляцелі, як адзін тыдзень,— прызнаецца святар. — Лічу служэнне ў Лучаі Божым Провідам. Менавіта сюды я прыходзіў юнаком, тут аднавіў сваю веру. Нароўні з Шаркаўшчынай гэта мая другая малая радзіма. Таму, кіруючы гэтай супольнасцю, адчуваю вялікую адказнасць. Рабіў і буду рабіць усё магчымае на карысць Касцёлу і людзям». Якія здабыткі ксёндз лічыць галоўнымі за гады святарства? Па-першае, навяртанне людзей. Святара асабліва радуе, што ў Касцёл прыходзіць усё больш моладзі, дзетак з бацькамі — а гэта ж будучыня касцёла. «Дзякуючы нашым бабулям, вера перададзена наступным пакаленням і вельмі важна, каб мы яе ўзмацнялі і жылі паводле яе», — упэўнены кс. Мікалай Ліпскі. Па-другое, зацікаўленасць да Лучая ў апошнія гады вельмі вырасла: на шматлікія святы сюды прыязджаюць вернікі з самых розных парафій. Усё большая колькасць людзей наведваецца ў гэтыя мясціны не толькі палюбавацца маляўнічымі краявідамі, але таксама пазнаць гісторыю і, канечне, памаліцца. «Гэта праца ўсіх нас, — падкрэслівае святар. — Разам нам многае па сілах. І надалей будзем старацца радаваць парафіянаў культурнымі беларускамоўнымі мерапрыемствамі, якія ўжо сталі традыцыйнымі. Дзякуй Богу, творцы адгукаюцца на нашы прапановы падзяліцца сваёй творчасцю ў сценах храма. Тым самым мы адкрываем вернікам неверагодна цікавы свет песні, паэзіі. Як можна не захапляцца роднай культурай?» У той дзень Лучай таксама сустракаў ганаровых гасцей — маладога паэта Усевалада Сцебураку і вядомага беларускага барда Зміцера Бартосіка. Яны падаравалі прысутным сапраўднае свята творчасці: прагучалі пранікнёныя, адарваныя ад сэрца вершы, а таксама песні на словы класічных Акуджавы, Высоцкага… Прычым прагучалі па-беларуску — іх на родную мову па-майстэрску пераклаў Рыгор Барадулін. «Уражанні ад вандроўкі ў Лучай толькі станоўчыя, — расказаў пасля завяршэння свята Усевалад Сцебурака. — Па-першае, уразіла само месца — мая ўлюбёная Заходняя Беларусь, край прыгожых азёраў і лясоў. Па-другое, мясціны блізкія да маёй малой радзімы — Вілейкі. Па-трэцяе, сам факт выступлення ў касцёле пакідае шэраг эмоцый. Не выказаць уражанні, якія адчуваеш, калі стаіш у храме тварам да паспольства. Гэта асалода, якую цяжка з чымсьці параўнаць. А акустыка — проста дзіўная! Здаецца, радкі набываюць новае гучанне — больш глыбокае і важкае…» «Радуе неабыякавасць людзей да беларускай культуры, — падзяліўся ўражаннямі Зміцер Бартосік. — Нягледзячы на халоднае надвор’е, многія парафіяне засталіся на нашае выступленне. У вачах публікі я бачыў жывую зацікаўленасць, мне падалося, людзі разумелі тое, што я спяваў. Спадзяюся, гэта не апошняя сустрэча з лучайскай публікай». Вернікі прытрымліваюцца такой жа думкі. Іна Сняжкова |
Фотарэпартаж |